Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА АБАРОНЫ ЛІЧЫЦЬ ПАДРОБКАЮ ФАКС З БАРЫСАЎСКАГА РАМОНТНАГА ЗАВОДУ, ЗНОЙДЗЕНЫ НА БАЗЕ ІРАЦКАЙ РЭСПУБЛІКАНСКАЙ ГВАРДЫІ


Юры Дракахруст, Прага

На мінулым тыдні заявы аб тым, што ліст – фальшыўка, прагучалі з вуснаў шэрагу асобаў, пачынаючы ад кіраўніка “Інфабанку” і сканчаючы Аляксандрам Лукашэнкам. У мінулы панядзелак мы накіравалі запыт на імя міністра абароны Рэспублікі Беларусь з просьбаю пацьвердзіць ці абвергнуць сапраўднасьць ліста, знойдзенага ў Іраку. Сёньня мы атрымалі адказ, напісаны на беларускай мове і падпісаны кіраўніком прэсавай службы міністэрства палкоўнікам Захаранкам.

Паводле цьверджаньня прэсавай службы Міністэрства абароны, стыль дакумэнту абсалютна не адпавядае нормам, прынятым ў дзелавой перапісцы ў ваенным ведамстве. Прынамсі, паводле палкоўніка Захаранкі, дырэктар ваеннага заводу ня можа зьвярнуцца нават да прадстаўніка прыватнай фірмы, называючы яго спадаром (па-расейску “господином”). Ня можа ў такім лісьце – адзначае кіраўнік прэсавай службы міністэрства – быць памылак друку, а ў факсе, пра які ідзе размова, яны ёсьць. Палкоўнік Захаранка з іроніяй зьвяртае ўвагу на тое, што дырэктар беларускага ваеннага заводу ня стаў бы прапаноўваць іракцам сьнежную маскіроўку для танкаў, а ва ўзгаданым дакумэнце такая прапанова ўтрымліваецца.

На думку палкоўніка Захаранкі, гэтыя аргумэнты настолькі пераканаўча даказваюць несапраўднасьць дакумэнту, што ён нават не настойвае на тым, што 140-ы завод не займаецца навучэньнем адмыслоўцаў і не займаецца інжынэрным забесьпячэньнем. Напрыканцы свайго адказу прадстаўнік Міністэрства абароны заўважае, што падрабіць можна ўсё, што заўгодна, папікае тых журналістаў, якія хочуць бачыць ва ўсім толькі дрэннае, і канстатуе, што ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва вядзецца ў Беларусі выключна ў адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права і дзейнага заканадаўства.

Мы ўдзячныя Міністэрству абароны за адказ, чакаць давялося ўсяго тыдзень. Мы шануем велікадушнасьць палкоўніка Захаранкі, які не настойвае на тым, што барысаўскі завод ня робіць паслугаў, пазначаных у факсе. Справа ў тым, што завод якраз можа гэта рабіць. Вось што заявіў “Известиям” галоўны інжынэр заводу Мікалай Русанаў: “Так, мы ўсталёўваем на танкі розныя мінныя тралы, мы можам навучаць адмыслоўцаў па такіх праграмах, як інжынэр ці тэхнік па рамонту танку і па іншых спэцыяльнасьцях, мы можам кансультаваць і навучаць нанясеньню камуфляжных пакрыцьцяў, у тым ліку горных і пустынных колераў”.

Наконт фактычных пярэчаньняў, выкладзеных прадстаўніком міністэрства, некаторыя зь іх абвяргаюцца, як тое ня дзіўна, самім тэкстам ягонага адказу. Ліст азагалоўлены “Спадару Дракахрусту Ю.А”. Калі прадстаўнік ваеннага міністэрства можа зьвяртацца да журналіста “спадар”, то чаму дырэктар ваеннага заводу ня можа зьвяртацца да бізнэсмэна “господин”? Што да памылак друку, то прадстаўнік міністэрства ў сваім адказе, па-першае, з памылкаю падае прозьвішча нашага калегі Рона Сынавіца, а па-другое, скажае выкладзеныя ў нашым матэрыяле ўмовы, пры якіх журналіст атрымаў дакумэнт. Рон Сынавіц сам знайшоў яго ў сэйфе разам з амэрыканскімі салдатамі, а не атрымаў ад афіцэра амэрыканскай разьведкі, як піша палкоўнік Захаранка. Ён можа ня верыць нашаму расповеду, але прыдумляць сваю вэрсію і выкладаць яе ў афіцыйным адказе наўрад ці было варта.

Што тычыцца сьнежнай афарбаўкі, якая прапаноўваецца ў лісьце, то ня выключана, што на гэтым этапе перамоваў (калі яны мелі месца), дырэктар 140-га заводу проста ня ведаў, хто замаўляе ягоныя паслугі, і выклаў поўны спэктар працаў, якія можа рабіць завод.

Цікава адзначыць, што і дырэктар 140-га заводу палкоўнік Сакач, і кіраўнік “Інфабанку” сп. Асмалоўскі выказалі меркаваньне, што факс мог быць падроблены іх беларускімі канкурэнтамі па бізнэсу. Доказаў гэтаму таксама няма, але гэтыя гіпотэзы даюць добрае ўяўленьне пра норавы, якія пануюць у асяродзьдзі каляўладнага бізнэсу.

Адказ прэсавай службы міністэрства абароны Беларусі ня даў вычарпальных адказаў на зададзеныя пытаньні.

Нагадаем, што паводле ацэнак міжнародных экспэртаў Беларусь уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых у сьвеце гандляроў зброяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG