Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ СЬВЯТКУЮЦЬ ВЯЛІКДЗЕНЬ У ТУРМАХ І ПАПРАЎЧЫХ КАЛЁНІЯХ?


Любоў Лунёва, Менск

Раніцай у велікодную нядзелю калёніі й вязьніцы наведваюць праваслаўныя сьвятары. Яны віншуюць усіх са сьвятам і частуюць зьняволеных фарбаванымі яйкамі. Чырвонае віно даваць зьняволеным забаронена. Віно п’юць толькі супрацоўнікі калёніяў, калі сьвятар праводзіць зь імі асобную службу. У некаторых калёніях ёсьць свае маленькія цэрквы.

Першы раз праваслаўныя сьвятары наведалі калёніі на Вялікдзень шэсьць гадоў таму. Пасьля гэтага ім сталі дазваляць наведваць пэнітэнцыярныя ўстановы часьцей. Адміністрацыя тлумачыць гэта тым, што сустрэчы са сьвятарамі станоўча ўплываюць на паводзіны асуджаных. Паколькі сярод зьняволеных няшмат вернікаў, сьвятар выконвае ролю псыхоляга.

Першы намесьнік старшыні Камітэту выкананьня пакараньняў Мікалай Чайкін лічыць, што пасьля сустрэчы са сьвятарамі зьняволеныя выпраўляюцца:

(Чайкін: ) “Асуджаны робіцца законапаслухмяным. Ня робіць парушэньняў. У яго ёсьць пляны нейкія на будучыню, пасьля вызваленьня”.

Як і на волі, інтарэсы зьняволеных неправаслаўнага веравызнаньня стаяць на другім пляне. У Камітэце выкананьня пакараньняў патлумачылі, што калёніі нават падзеленыя паміж праваслаўнымі прыходамі. Як у савецкі час за сакратарамі ідэалёгіі былі замацаваныя нейкія ўстановы, так і цяпер за сьвятарамі замацаваная нейкая вязьніца.

Вялікдзень толькі дае магчымасьць зьняволеным правесьці нядзелю ня так, як звычайна. Бо на распарадак дня ён не ўплывае. А 10-й гадзіне вечара абвяшчаецца адбой, таму пра ўсяночнае набажэнства ня можа быць і размовы. У спэцпрыёмнікі-разьмеркавальнікі сьвятарам уваход забаронены. Гэта ж тычыцца і сьледчых ізалятараў. Выключэньне складаюць толькі камэры з асуджанымі на сьмяротнае пакараньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG