“Gazeta Wyborcza” піша, што ўгодкі чарнобыльскай навалы ўлады і апазыцыя адзначалі асобна, прычым улады рабілі гэта дакладна як у часы Савецкага Саюзу: усклаўшы кветкі да мэмарыяльнай шыльды ў гонар аднаго зь ліквідатараў, чыноўнікі гаварылі больш пра гераізм памерлых, чым пра праблемы жывых.
Між тым, паводле дадзеных незалежных экспэртаў, якія падае польскі штодзёньнік, толькі каля 10% беларусаў, што жывуць на забруджаных тэрыторыях, можна лічыць здаровымі.
“Gazeta Wyborcza” распавядае і пра чарнобыльскую акцыю апазыцыі, якая, паводле штодзёньніка, вельмі адрозьнівалася ад афіцыйнай.
“Яшчэ ад 1989 году, калі адбыўся першы “Чарнобыльскі шлях”, яго ўдзельнікі штогод задаюць адныя і тыя ж пытаньні, сярод якіх – чаму афіцыйны Менск не патрабуе ад Масквы кампэнсацыі за наступствы катастрофы? Сёньняшні год прынёс яшчэ адно: “Дзе падзеліся дзяржаўныя ільготы для ахвяраў Чарнобылю?”, бо напярэдадні, Лукашэнка сваім дэкрэтам скасаваў апошнія зь іх ”, – адзначае штодзёньнік.
“Gazeta Wyborcza” падае такама словы лідэра Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” Вінцука Вячоркі, які нагадаў удзельнікам чарнобыльскага шэсьця пра тое, што паводле рашэньня Палітбюро КПСС савецкія самалёты, выкарыстоўваючы адмысловыя хімічныя рэчывы, выклікалі над Беларусьсю штучныя атмасфэрныя ападкі, каб радыёактыўныя хмары не даляцелі да Масквы.
“Улады дагэтуль утойваюць гэты факт”, – падкрэсьлівае “Gazeta Wyborcza”.