Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРАДЫЦЫЙНАЯ МАНІФЭСТАЦЫЯ “ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ” Ў МЕНСКУ ЗАКОНЧЫЛАСЯ 17 ХВІЛІНАМІ МАЎЧАНЬНЯ


Валер Каліноўскі, Кіеў

Нягледзячы на тое, што збор на плошчы Якуба Коласа быў забаронены гарвыканкамам, больш за тысячу чалавек сабралася менавіта там. З нацыянальнымі сьцягамі, транспарантамі, звонам і абразам Маці божай чарнобыльскай яны прайшлі праспэктам Скарыны да будынку Акадэміі навук. Апрача лідэраў і актывістаў апазыцыі ў маніфэстацыі ўдзельнічалі замежныя дыпляматы, прадстаўнікі пацярпелых рэгіёнаў, ліквідатары. Адна зь іх, былы лекар Алена Карповіч, распавяла, што мэдыкі яе ўжо двойчы выцягвалі з таго сьвету:

(Карповіч: ) “Людзі паміраюць, і паміраюць вельмі хутка. Таму што няма патрэбнага догляду людзей. Мне як лекару лягчэй, а так чалавек як можа дапамагчы сабе? Ніяк ня можа. І я ўвесь час ляжу, але Чарнобыльскі шлях – гэта мая душа. Я бачыла, як гэтыя людзі паміраюць, як гэтыя дзеці паміраюць, іх боль у вачах, гэта вельмі цяжка”.

Алена Карповіч скардзіцца на дарагавізну эфэктыўных лекаў і на тое, што мэдычныя ўстановы цяпер адмаўляюцца выпісваюць іх ліквідатарам. Мітынг ля будынку Нацыянальнай Акадэміі навук адкрыў член-карэспандэнт гэтай акадэміі Іван Нікітчанка, які распавёў пра тое, што каля двух мільёнаў беларусаў далей жыве ў забруджаных раёнах, зь іх паўмільёна дзяцей, што ў Беларусі цяпер больш за 400 тысячаў інвалідаў, якія не маюць патрэбнай дапамогі, што пачалося выміраньне нацыі. Чарнобыль стаў адной з прычынай гэтага, як і зніжэньне ўвагі ўладаў да ягоных наступстваў:

(Нікітчанка: ) “Інстытут ліквідавалі, на месцы службу не стварылі, пункты радыяцыйнага кантролю скарацілі. Калі харчаваньне да 1994 году кантралявалі 525 лябараторыяў, то сёньня – 200”.

Лідэр БНФ адпрэчыў абвінавачаньні ўлады ў тым, што апазыцыя спрабуе зарабіць сабе на Чарнобылі палітычны капітал:

(Вячорка: ) “Тое, што былі спыненыя праграмы перасяленьня людзей з чарнобыльскіх зонаў – гэта не палітыка? Заможная, свабодная, дэмакратычная Беларусь зможа справіцца з такой навалай. Залежная, несвабодная, гаротная, падлеглая – ня зможа!”

З Масквы на Чарнобыльскі шлях у Менск прыехала група актывістаў моладзевага крыла расейскага Саюзу правых сілаў. Кіраўніца гэтай дэлегацыі Ірына Чаркасава асабіста вітала ўдзельнікаў шэсьця:

(Чаркасава: ) “Мы верым у тое, што ў Беларусі ёсьць будучыня, што яна будзе сапраўды свабоднай, што яна стане эўрапейскай краінай, што ў Беларусі будзе годны прэзыдэнт, і я хачу, каб вы ведалі, што расейцы – не за Саюз, мы – за вашу свабоду. Жыве Беларусь!”

Нягледзячы на тое, што шэсьце было санкцыяванае ўладамі, міліцыя затрымала двух актывістаў АГП спадароў Козела і Весялоўскага – прычым прэвэнтыўна, за тое, што яны несьлі сьцягі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG