Нашая карэспандэнтка ў Багдадзе Заміра Эсханава паведаміла, што мясцовыя жыхары ўвесь час наракалі на тое, што на вайсковым сховішчы пэрыядычна гучалі выбухі, і іракцы вельмі хваляваліся за свае жыцьці. Паводле інфармацыі Заміры, якая гутарыла з жыхарамі прылеглага раёну, тры дамы былі цалкам разбураныя, тры пашкоджаныя. Амэрыканцы гавораць, што сховішча са зброяй было атакаванае. Заміра Эсханава запыталася ў амэрыканскага палкоўніка Джона Пібады пра дэталі здарэньня. Заміра расказвае, што ёй адказаў палкоўнік.
(Эсханава: ) “Хто гэта зрабіў, амэрыканскі палкоўнік не сказаў, толькі паведаміў, што тыя, хто ня любіць амэрыканцаў, ня любяць уласных людзей. Ён паведаміў, што сховішча было атакаванае, аднак насельнікі гавораць, што выбухі звычайна робяцца амэрыканцамі спэцыяльна, так што ёсьць блытаніна ў гэтым здарэньні. Вынік – некалькі дамоў цалкам разбураныя, мясцовыя жыхары гавораць, што колькасьць пацярпелых больш за 40. Амэрыканцы называюць лічбу 20, але пад развалінамі могуць быць людзі і колькасьць ахвяраў можа вырасьці”.
Заміра Эсханава дадала, што паводле жыхароў Багдаду 16 чалавек загінулі ў шпіталях і дзясяткі параненых. Нашая карэспандэнтка таксама распавяла, што інцыдэнт выклікаў хвалю абурэньня сярод іракцаў:
(Эсханава: ) “Імгненнна, калі гэтая навіна зьявілася ў Багдадзе, іракцы пачалі выступаць супраць амэрыканцаў. І я бачыла па дарозе ў раён, дзе адбыліся выбухі, дзясяткі грузавікоў, поўных маладых людзей, якія скандавалі патрабаваньне, каб амэрыканцы пакінулі краіну. Інцыдэнт адразу выклікаў злосьць на амэрыканцаў. Нават калі будзе даказана, што на ваеннае сховішча напалі, людзі ўсё роўна злосныя на амэрыканцаў, бо яны лічаць, што цяпер ЗША адказныя за бясьпеку і ахову ў рэгіёне, у краіне”.