Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІНЦУК ВЯЧОРКА: “ТОЛЬКІ ЗАМОЖНАЯ КРАІНА МОЖА ДАЗВОЛІЦЬ САБЕ ПРАГРАМЫ АЗДАРАЎЛЕНЬНЯ СВАІХ ГРАМАДЗЯНАЎ”

Віталь Цыганкоў, Менск

Я зараз знаходжуся наперадзе калёны, якая ідзе па вуліцы Сурганава, цалкам у адпаведнасьці з тым парадкам, які прадугледжвалі арганізатары Чарнобыльскага шляху. Трэба сказаць, што паколькі было ня вызначанае месца, на якім зьбяруцца арганізатары, частка іх сабралася каля Акадэміі навук, а частка – на плошчы Якуба Коласа, дзе быў прадугледжаны збор перад тым, як улады зьмянілі гэтае месца. Потым вельмі арганізавана каля 500 чалавек, якія сабраліся на плошчы Якуба Коласа, дайшлі да Акадэміі навук, дзе іх чакалі таксама каля 500 чалавек. Там адбыўся жалобны мітынг. Цяпер удзельнікаў акцыі 1500-2000, і яны рухаюцца па вуліцы Сурганава да ўнівэрмагу “Рыга”, дзе павінна адбыцца хвіліна маўчаньня.

Канфліктаў зь міліцыяй не было – тыя, хто сабраўся на плошчы Якуба Коласа, пад гук звана пад бел-чырвона-белымі сьцягамі прайшлі па ходніках праспэкта Скарыны да Акадэміі навук. Праўда, як паведаміў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сёньня былі затрыманыя кіраўнік менскай абласной моладзевай арганізацыі АГП Андрэй Козел і яшчэ адзін прадстаўнік гэтай арганізацыі. Яны несьлі на мітынг бел-чырвона-белыя сьцягі і сьцягі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, і напэўна, менавіта гэта прыцягнула ўвагу міліцыянтаў, якія затрымалі іх. У выніку гэтыя два маладыя чалавекі так на мітынгу і не зьявіліся.

Мітынг каля Акадэміі навук пачаўся выкананьнем гімну “Магутны Божа”, а адкрыў яго акадэмік Іван Нікітчанка. Пасьля яго, бадай, найбольш ярка выступіў Вінцук Вячорка, які адзначыў, што дарма кажуць, што Чарнобыль – гэта непалітычнае пытаньне. “Гэта найперш палітыка, – адзначыў сп. Вячорка, – палітыка сёньняшніх уладаў, накіраваная на тое, каб пазбавіць беларускі народ пэрспэктывы выжываньня. І нашыя патрабаваньні – патрабаваньні свабоды, дэмакратыі і незалежнасьці – яны якраз дзеля таго, каб справіцца з наступствамі Чарнобылю”. Таксама выступіла прадстаўніца моладзевай арганізацыі Саюзу правых сілаў. Яна выказала салідарнасьць зь беларускім народам, і свой выступ яна скончыла словамі “Жыве Беларусь!”

Я знаходжуся каля галавы калёны, і ў першым шэрагу гэтай калёны ідуць кіраўнікі беларускіх дэмакратычных арганізацыяў Вячорка, Бяляцкі, Статкевіч, Кароль, Лябедзька, і я перадаю мікрафон старшыні Беларускага народнага фронту Вінцуку Вячорку.

(Вядучы: ) “Я хацеў бы спытацца ў вас толькі адну рэч: якое, на Вашую думку, мае сацыяльнае значэньне Чарнобыльская катастрофа ў сёньняшняй Беларусі?”

(Вячорка: ) “Удар па беларускай эканоміцы быў нанесены гіганцкі. Ён вымяраецца сотнямі гадавых бюджэтаў нашай краіны, і тое, што Беларусь – пры любой палітычнай сыстэме – змушаная выдаткоўваць на мінімізацыю наступстваў велізарную частку свайго бюджэту, і гэтага ўсё роўна мала – гэта робіць нас менш канкурэнтназдольнымі ў сучасным сьвеце. І тым больш недарэчна, тым больш злачынна выглядаюць любыя дзеяньні, скіраваныя на тое, каб прымушаць людзей жыць у зоне, скіраваныя на тое, каб зноў замоўчваць праўду, і галоўнае, скіраваныя на тое, каб ня даць Беларусі эканамічна ўмацавацца – таму што толькі заможная краіна можа дазволіць сабе праграмы аздараўленьня сваіх грамадзянаў”.
XS
SM
MD
LG