"Праскі акцэнт". 27 красавіка
Беларуска-расейскія адносіны пасьля вайны ў Іраку – тэма чарговага выпуску “Праскага акцэнту”. Ці ня стане ўздым хвалі амэрыканафобіі ў Беларусі і ў Расеі штуршком да новага інтэграцыйнага “прарыву”? Як паўплываюць на двухбаковыя адносіны абвінавачаньні на адрас і Беларусі, і Расеі ў гандлі зброяй з Іракам? Які лёс спасьцігне пляны пераходу Беларусі на расейскі рубель? Ці будзе беларуская тэма фігураваць на думскіх і прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі?
Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня naviny.by Аляксандар Класкоўскі і расейскі палітоляг Андрэй Піянткоўскі. Перадачe падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст.
“Вольная студыя”. 27 красавіка
Дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі ня першы год выклікае трывогу. Да маленькіх праблемаў маладой сям'і дзяржаве няма справы. Яна змушаная штогадова мабілізоўвацца на бітву за ўраджай, аўральна праводзіць сяўбу, дажынкі, шукаць паліва, сродкі й г.д. Маладыя бацькі мусяць самыя займацца разьвязаньнем сваіх праблемаў. У выніку прыватнай ініцыятывы зьявіўся на сьвет часопіс "Дамініка", мэта якога – падтрымка новаствораных сем'яў, дапамога ў выхаваньні дзетак. Да гэтай пары гэтая ніша на айчынным інфармацыйным рынку была незанятая... У нядзельнай "Вольнай студыі" слухайце гутарку Міхася Скоблы з галоўнай рэдактаркай "Дамінікі" Крысьцінай Вітушкай.
“Беларускі Інтэрнэт”. 27 красавіка
Аляксандар Фядута, Ірына Бугрова, Уладзімер Улаховіч ды іншыя палітолягі ратуюцца ад цэнзуры газэтных рэдактараў на сайце "Наша думка"; новая старонка, прысьвечаная сучаснай беларускай сур'ёзнай музыцы; як знакаміты бард Зьміцер Бартосік пазнаёміўся ў Сеціве са сваёй будучай жонкай – гэтыя ды іншыя тэмы ў чарговым выпуску праграмы "Беларускі дыялёг на Інтэрнэце", якую падрыхтаваў Віталь Цыганкоў.
“Паштовая скрынка 111”. 27 красавіка
У чарговай праграме “Паштовая скрынка-111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на “Свабоду” Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёна, Фадзей Федаровіч з Даўгаўпілса, Фёдар Аляксееў зь Віцебску, Віктар Скараход, Алесь Шылаў і Уладзіслаў Жыгалка зь Менску.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
- дзеляцца меркаваньнямі пра супярэчнасьці паміж Уладзімерам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам і выказваюцца пра магчымы рэфэрэндум аб канстытуцыйным акце так званай “саюзнай дзяржавы”;
- разважаюць пра канфлікты ў асяродзьдзі беларускіх пісьменьнікаў;
- распавядаюць пра падрыхтоўку да чарговых “Дажынак” і пра тое, як ставяцца да гэтага ў беларускіх вёсках;
- дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.