Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КААЛІЦЫЙНЫЯ СІЛЫ Ў БАГДАДЗЕ ЗАТРЫМАЛІ БЫЛОГА ВІЦЭ-ПРЭМ’ЕРА ІРАКУ ТАРЫКА АЗІЗА

Ул. інф.

У Багдадзе знаходзіцца карэспандэнтка Радыё Свабода Заміра Эсханава. Першае пытаньне да яе – як іракцы ўспрынялі арышт Азіза?

(Эсханава: ) “Тое, што мы ўведалі і чулі ад звычайных іракцаў – лекараў, настаўнікаў, гандляроў, – гэта тое, што для бальшыні зь іх Азіз ня ёсьць кепскім. Яны ведаюць, якая ў яго была пасада, за што ён быў адказны – а ён доўгі час быў міністрам замежных справаў Іраку – і яны ведаюць, што ён хрысьціянін. Але яны адначасова гавораць, што ня маюць нянавісьці да Азіза, хаця ведаюць што гэты чалавек быў адным з кіраўнікоў рэжыму, адным з прыслугачоў гэтага рэжыму. Аднак яны разглядаюць Тарэка Азіза як салдата, якім камандавалі вельмі моцныя генэралы і вельмі моцны кіраўнік. Пры гэтым іракцы лічаць, што ён ды іншыя інтэлектуалы не маглі шмат зрабіць для ірацкіх інтарэсаў, для інтарэсаў ірацкага народу. Адначасова некаторыя гавораць, што Азіз – частка рэжыму і павінен быць пакараны за тое, што рэжым зрабіў іракцам”.

Заміра Эсханава таксама распавяла пра тое, як іракцы ацэньваюць намаганьні ЗША арыштаваць галоўных лідэраў рэжыму Хусэйна:

(Эсханава: ) “Яны абсалютна незадаволеныя тым, што зараз ЗША робяць з гэтым рэжымам, маўляў, глядзіце, яны зрабілі адмысловы сьпіс прадстаўнікоў рэжыму, якіх ЗША хацелі б арыштаваць, і ў гэтым сьпісе 55 імёнаў, у той час як рэжым падтрымлівалі тысячы ляяльных, і гэты сьпіс павінен быць значна, значна даўжэйшым. Адначасовы іракцы гавораць, што ЗША арыштавалі толькі “дробную рыбку” – малаўплывовых кіраўнікоў. Аднак дзе ж Садам? Дзе іншыя? Дзе шэф сакрэтнай паліцыі? Дзе кіраўнік войска? Дзе ўсе гэтыя д’ябальскія людзі, якія забівалі, катавалі, зьдзекваліся з ірацкіх людзей, крадучы дзяржаўныя грошы? Куды яны падзеліся? Чаму ЗША не арыштавалі нікога з буйных былых кіраўнікоў Іраку, улучна з Садамам Хусэйнам?”

І яшчэ адно пытаньне да карэспандэнткі Радыё Свабоды ў Багдадзе Заміры Эсханавай: дзе, на думку іракцаў, Садам і яго паплечнікі?

(Эсханава: ) “Іракцы думаюць, што ёсьць нейкая змова і нейкая дамова паміж ЗША і галоўнымі асобамі хусэйнаўскага рэжыму – улучна з Хусэйнам. І яны мяркуюць, што Садам Хусэйн зараз хаваецца недзе пад аховай ЗША. Пашыраная думка, што ў Багдадзе Амэрыка ня робіць добрай справы, бо Садам служыў інтарэсам ЗША, ён быў агентам ЗША і ўсё кепскае, што ён зрабіў за гэтыя гады, ён рабіў пры падтрымцы ЗША”.
XS
SM
MD
LG