Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БІБЛІЯТЭКІ БЕЛАРУСІ СКРАДЗЕНЫЯ 12 РЭДКІХ КНІГ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

З Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі скралі 12 рэдкіх кніг, самая каштоўная з якіх – кніга "Гербарыкум" 1486 года. Астатнія кнігі належаць да 18-19 стагодзьдзяў. Гэта кнігі на расейскай мове. Агульны кошт скрадзеных рарытэтаў, паводле адмыслоўцаў бібліятэкі, крыху большы за 10 тысяч даляраў. Вядзецца сьледзтва, прычым, як перакананыя ў Нацыянальнай бібліятэцы, яе супрацоўнікі да крадзяжу ня маюць ніякага дачыненьня. Яны ужо паведамілі міліцыянтам прыкметы злачынцаў і спадзяюцца, што тыя хутка будуць знойдзеныя. Загадчыца адзелу рэдкіх кнігаў Таццяна Рошчына распавяла Радыё Свабода, як укралі кнігі.

(Рошчына: ) "Чытачы прыйшлі па фальшаваных дакумэнтах, мужчына і жынчына. Ведаем іх у твар, але яны выкарысталі фальшывыя чытацкія білеты, а нашая ахоўная сыстэма, на жаль, не спрацавала".

Пры канцы мінулага стагодзьдзя ў Нацыянальнай бібліятэцы ўжо быў крадзёж некалькіх рарытэтных кніг. Як высьветлілася, крадзяжом займаўся адзін з супрацоўнікаў сховішча бібліятэкі. Усе скрадзеныя тады кнігі былі вернутыя.

Адмыслоўцы зазначаюць, што сыстэма аховы кніг у Нацыянальнай бібліятэцы далёкая ад сучасных патрабаваньняў. Навуковец Аляксей Хадыка, часты наведвальнік бібліятэкі, дзеліцца сваім досьведам.

(Хадыка: ) "Мне давадзілася працаваць у замежных бібліятэках. Там адмысловым растворам пазначаюць кнігі, а на ўваходзе ўсталяваныя магнітныя датчыкі, такім чынам нават сучасную кнігу ня вынясеш, таму што зазьвініць. А ў нас жа такіх абаронных сродкаў няма, і канечне, калі чалавек пакіне скрынку на стале, а сам засуне кнігу пад швэдар ды элемэнтарна ўцячэ, гэтак, пэўна, магчыма скрасьці што заўгодна".

Адмыслоўцы таксама адзначаюць, што з пачаткам будаўніцтва новага будынку бібліятэкі ўвага дзяржавы да старога будынку значна аслабла. У тым ліку недастаткова ўвагі надаецца і ахове кніжнага фонду, які налічвае 8 мільёнаў тамоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG