Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЧАТЫРНАЦЦАЦЬ СУТАК АРЫШТАВАНЫ СЯБРА ПАРТЫІ СВАБОДЫ ВАЛЯНЦІН БАРАНАЎ


Любоў Лунёва, Менск

Старшыня суду даручыла разгляд справы Валянціна Баранава судзьдзі Алене Церашковай. Фактычна гэта быў перагляд справы, бо ранейшы прысуд, паводле якога Валянціна Баранава арыштавалі на 14 сутак, гарадзкі суд адмяніў.

Нагадаем, 24 сакавіка Валянціна Баранава арыштавалі разам зь дзесяцьцю затрыманымі ўдзельнікамі акцыі. Сярод іх былі Павал Севярынец, Зьміцер Філіповіч, Павал Знавец, Уладзімір Юхо і Вячаслаў Сіўчык. У дзяжурнай частцы міліцыі Валянціну Баранаву стала кепска і “хуткая дапамога” адвезла яго ў шпіталь. Пакуль астатнія арыштаваныя знаходзіліся ў камерах спэцпрыёмніка, Баранаў падаў скаргу ў гарадзкі суд. Там прызналі, што судзьдзя Аляксандар Шылько вынес прысуд з парушэньнем працэсуальнага кодэксу, а таксама адзначыў блытаніну ў міліцэйскіх пратаколах і паказаньнях сьведкаў-амонаўцаў. Гарадзкі суд скасаваў рашэньне раённага і абавязаў правесьці новы разгляд справы.

Але вынікам гэтага новага разгляду зноў стаў арышт. Адразу пасьля вынясеньня прысуду Валянцін Баранаў паведаміў Радыё Свабода:

(Баранаў: ) “Усе справы заказныя. Гэта фактычна судовая расправа. Суды так не робяцца. Трэба прымаць да ведама паказаньні ўсіх сьведкаў, а ня тых, якіх ім выгодна. Я лічу, што ўсё гэта наўмысна зроблена, каб мяне зламаць і так зрабіць, каб я пакутваў пры тым, што ні ў чым не вінаваты. Фактычна ўсіх каго яны судзілі, судзілі незаконна. Гэта сыстэма, і гэтая сыстэма пакуль працуе. Але адказваць ім прыйдзецца ўсё роўна.”

Судзьдзя выклікала міліцыянтаў, і Валянціна Баранава пацягнулі ў “варанок”. Назіральнікі адзначаюць, што апраўдальнага прысуду і не магло быць, бо тады давялося б прызнаваць незаконнымі і астатнія арышты. Калі ўлічыць, што і Павал Севярынец, і Павал Знавец, і Вячаслаў Сіўчык падалі скаргі ў адпаведныя структуры на незаконныя дзеяньні ўладаў – мог быць створаны прэцэдэнт. Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) “Я мяркую, што ў судзьдзі, якая разглядала справу Валянціна Баранава, не было ніякіх сумневаў наконт таго, што міліцыянты-сьведкі хлусілі. Працэс гэта паказаў. Яна не магла апраўдаць спадара Баранава, бо тады трэба апраўдаць усіх тых людзей, якіх абсалютна незаконна затрымалі 23 сакавіка за сьвяткаваньне Дня Волі. Прычынай такога рашэньня – каб не стварыць судовага прэцэдэнта, каб не трэба было пакараць міліцыянтаў за іх незаконныя дзеяньні. Натуральна, усе гэтыя міліцыянты будуць пакараныя, паперы нікуды не падзенуцца…”

Паколькі так званых “палітычных” у камэрах спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка не засталося, чатырнаццаць сутак арышту Валянцін Баранаў вымушаны будзе правесьці не ў самай прыемнай кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG