У навукова–дасьледчым анкалягічным цэнтры для дзяцей аднолькава шмат як немаўлятаў, так і падлеткаў. Хварэюць на рак крыві, костак і ўнутраных ворганаў. У Беларусі ён адзіны, а таму прыяжджаюць сюды адусюль: і з чарнобыльскіх рэгіёнаў, і з так званых чыстых. Тым ня менш, усе бацькі малых зьвязваюць захворваньні сваіх дзяцей з наступствамі аварыі ў Чарнобылі. Гутару зь некаторымі сярод іх.
(Маці: ) “Мы прыехалі з Гарадзенскай вобласьці з горада Слоніма. У нас востры лейкоз”.
(Карэспандэнтка: ) “З чым зьвязваеце захворваньне, што кажуць лекары?”
(Маці: ) “Лекары нічога ня кажуць, бо самі ня ведаюць дакладнай прычыны. Увогуле, лічаць, што хвароба зьвязаная з аварыяй на ЧАЭС”.
(Маці: ) “Пракаповіч Іна, мы з Салігорска, Менскай вобласьці”.
(Карэспандэнтка: ) “Колькі гадоў вашаму дзіцяці?”
(Маці: ) “Тры 7 красавіка было”.
(Карэспандэнтка: ) “Што здарылася?”
(Маці: ) “Пухліна злаякасная. Яна ў нас не выдаляецца. Зьвязалі з Чарнобылем. Дакумэнты ўчора атрымалі”.
Пра сувязь хваробы з чарнобыльскай катастрофай лекары гавораць са значна меншай ахвотай, спасылаючыся на некампэтэнтнасьць альбо на занятасьць. Тым ня менш, і яны мусяць прызнаць, што пасьля аварыі колькасьць хворых дзяцей значна ўзрасла, і гэтае павелічэньне доўжыцца й па сёньня. Гаворыць загадчыца адзьдзяленьня Натальля Капанава:
(Капанава: ) “Калі паводле пляну ў нас павінна быць занята ложкаў 122 штодня, то ў нас атрымліваецца дадатковых ложкаў і раскладанак 162, а бывае й да 170. Гэта сьведчыць пра тое, што цэнтар перапоўнены”.
З улікам таго, што дзіцячаму цэнтру практычна дапамагаюць дабрачынныя замежныя арганізацыі, большасьць беларускіх дзяцей маюць магчымасьць атрымаць кваліфікаваную дапамогу, чаго нельга сказаць пра дарослых. Аналягічны цэнтар у Аксакаўшчыне, які мае добрае абсталяваньне й кваліфікаваных спэцыялістаў, ад пачатку года напаўпусты. Горш абсталяваныя шпіталі ў рэгіёнах не накіроўваюць сюды хворых, як тое было раней, бо ад сёлета памер іх бюджэтаў залежыць ад колькасьці шпіталізаваных. У выніку – церпяць хворыя, якія не атрымліваюць патрэбнай дапамогі – кажа галоўны лекар шпіталю ў Аксакаўшчыне Сяргей Карыцька:
(Карыцька: ) “Людзі стараюцца ня траціць свае грошы, а таму хворых не накіроўваюць. Гэта прыводзіць да таго, што людзі не атрымліваюць высокакваліфікаванай дапамогі. Ўсё ж такі павінныя былі прысылаць. Галоўнае, што мы чакаем, але страты, канечне ж, будуць”.
Тым часам, паводле дасьледаваньняў незалежных экспэртаў, адмоўны ўплыў радыяцыі на здароўе жыхароў краіны працягваецца. Так, палову ад штогадовай колькасьці памерлых складаюць людзі, якія былі хворыя на рак. Гэтулькі ж атрымліваюць інваліднасьць. А колькасьць здаровых дзяцей у Беларусі пасьля аварыі на ЧАЭС скарацілася з 85% да 20%.