Фэстываль "Сьвет пасьля Чарнобылю. Погляд у будучыню" арганізаваны дабрачынным фондам "Дзецям Чарнобылю" Генадзя Грушавога, а таксама шэрагам моладзевых экалягічных арганізацыяў, якія аб'яднаныя ў рух "Майстэрні будучыні". Удзельнікі гэтага фэстывалю – у асноўным моладзь з рэгіёнаў, пацярпелых ад катастрофы, якая нарадзілася ў 1986 годзе і пазьней. Гаворыць Генадзь Грушавы:
(Грушавы: ) “Калі фармуляваць звышмэту, то гэта дэманстрацыя маладой Беларусі. Той Беларусі, якая заяўляе свае правы на будаваньне сваімі сіламі будучыні. У іх руках фактычна лёс наступных падзеяў, у тым ліку й палітычных. Мы пераканаем, што сіла ў гэтага пакаленьня моладзі ёсьць. Калі яе падтрымаць яна шмат можа чаго зрабіць у Беларусі”.
Кіраўнік фонду "Дзецям Чарнобылю" гаворыць, што за 17 гадоў пасьля катастрофы каля 500 тысячаў беларускіх дзяцей адпачывалі за мяжой. Гэтае новае пакаленьне, паводле Генадзя Грушавога, знайшло там сабе шмат сяброў і цяпер хоча, каб і ў Беларусі было такое ж адкрытае грамадзтва. Вось меркаваньне ўдзельніцы фэстывалю Антаніны Хахраковай:
(Хахракова: ) “ Для мяне гэта вельмі важна, вельмі цікава паказаць сябе й якія мы. Паказаць, што мы наступнае пакаленьне, што мы можам нешта зьмяніць, і што мы робім дзеля таго каб зьмяніць сытуацыю”.
У моладзевым фэстывалі бяруць удзел каля 50 прадстаўнікоў многіх чарнобыльскіх арганізацыяў зь Нямеччыны, ЗША, Італіі, Канады, Швэйцарыі й Нарвэгіі. Гэта тыя людзі, што многія гады дапамагалі Беларусі пераадолець наступствы Чарнобылю.
Удзельнікаў моладзевага фэстывалю сёньня прывіталі амбасадары ЗША Майкл Козак і Вялікабрытаніі Браян Бэнэт. Майкл Козак, у прыватнасьці, сказаў:
(Козак: ) "Бясспрэчна, Чарнобыль – вялікая трагедыя для Беларусі. І галоўны элемэнт дапамогі ЗША Беларусі – гэта менавіта гуманітарная дапамога, якую мы накіроўваем штогод. Я сёньня тут, каб пабачыцца з тымі дзецьмі, якія былі ў Злучаных Штатах. Гэтыя дзеці – будучыня Беларусі, таму мы сёньня прыйшлі іх прывітаць. Заўсёды добра, калі маладыя людзі зьбіраюцца разам і абменьваюцца досьведам".
Моладзевы фэстываль скончыцца 27 красавіка прыняцьцём зваротаў яго ўдзельнікаў да беларускай і ўсясьветнай моладзі. 26 красавіка ўдзельнікі фэстывалю возьмуць удзел у "Чарнобыльскім шляху".