Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАДЭВУШ МАЗАВЕЦКІ: ВАРШАВА ГАТОВАЯ РЭПРЭЗЭНТАВАЦЬ ІНТАРЭСЫ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ БЕЛАРУСІ Ў ЭЎРАПЕЙСКІХ СТРУКТУРАХ І НАТО

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

(Карэспандэнт: ) “Спадар прэм’ер, як, на вашую думку, будуць складацца польска-беларускія стасункі пасьля далучэньня Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу ў траўні наступнага году? Ці можна чакаць нейкіх сур’ёзных зьменаў?”

(Мазавецкі: ) “Адной з найбольш істотных зьменаў у польска-беларускіх дачыненьнях будзе тое, што паміж нашымі краінамі пройдзе мяжа ўсяго Эўрапейскага Зьвязу. Мяркую, аднак, што Польшча зусім не зацікаўленая ў тым, каб у выніку паўстала нешта накшталт жалезнай заслоны. Кантакты паміж палякамі і беларусамі, паміш нашымі грамадзтвамі мусяць працягвацца. Гэта вельмі важна. Што да палітыкі, дык дачыненьні Варшавы зь Менскам будуць залежыць перадусім ад таго, у якой ступені ў Беларусі будуць вернутыя і будуць шанавацца дэмакратычныя стандарты”.

(Карэспандэнт: ) “Польшча – найвялікшы заходні сусед Беларусі і краіна, якая ўжо амаль 4 гады ёсьць сябрам НАТО і адным з найбольш надзейных эўрапейскіх хаўрусьнікаў Злучаных Штатаў. Ці тыя, хто ў Беларусі змагаецца за праэўрапейскі, празаходні выбар сваёй краіны, могуць спадзявацца на тое, што Польшча ў будучыні дапаможа дэмакратычнай Беларусі ўвайсьці, як гавораць палякі “ў эўрапейскія палітычныя салёны”?

(Мазавецкі: ) “Польшча шмат разоў запэўнівала беларусаў, што яны могуць разьлічваць на дапамогу Варшавы ў рэпрэзэнтаваньні інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі ў эўрапейскіх структурах і НАТО. Для Польшчы важна, каб Беларусь была прыязным суседам, хаўрусьнікам. Думаю, што гэтыя абяцаньні застаюцца актуальнымі, і нічога ў гэтай справе не зьмянілася”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Мазавецкі, што б вы параілі тым беларускім палітыкам, якія спрабуюць пераканаць беларусаў у слушнасьці праэўрапейскага выбару для Беларусі, выбару, які зрабіла Польшча?”

(Мазавецкі: ) “Цяжка даваць парады, калі знаходзішся звонку, а значыць ня можаш дакладна зразумець цяперашняй сытуацыі ў Беларусі. Мяркую, што беларуская апазыцыя сама ведае, што трэба рабіць. Аднак агульна, магу сказаць, што вельмі і вельмі важнай справай у такой сытуацыі ёсьць праца над сьвядомасьцю людзей, каб яны разумелі сэнс дэмакратыі і прызвычайваліся да палітычнага мысьленьня. Такой сьвядомасьці ў Беларусі, напэўна, не хапае, але яна вельмі патрэбная”.
XS
SM
MD
LG