Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІКАЛАЙ ЧАРГІНЕЦ ДАПУСКАЕ НАЯЎНАСЬЦЬ У ІРАКУ ВАЕННАГА АБСТАЛЯВАНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ ВЫТВОРЧАСЬЦІ

Віталь Цыганкоў, Менск

Ваенны аналітык газэты "Белорусский рынок" Аляксандар Алесін кажа, што скандал вакол факсу з барысаўскага заводу выклікае стрыманы скептыцызм як у яго пэрсанальна, гэтак і ў ваенных адмыслоўцаў, зь якімі ён спаткаўся.

(Алесін: ) "Чалавек, які цеміць, разумее, што размова ў дакумэнце ідзе пра танкавыя тралы, прызначаныя для суцэльнага разьмінаваньня пераважна супрацьпяхотных мін. Каб засьцерагчыся ад асколкаў, гэтыя тралы навешваюць на буйныя браніраваныя машыны, звычайна на танкі. І гэта не ўяўляе аніякай пагрозы ў ваенных дзеяньнях, для наступаючых войскаў. Я б нават сказаў, што гэта проста ня зброя. Канечне, з фармальнага пункту гледжаньня, калі яно прывязваецца да танку, то гэта можна лічыць зброяй. Гэтаксама як мінашульнік. Але гэта тэхніка інжынэрная для зьнішчэньня мінаў".

(Карэспандэнт: ) “Калі гэта так усё нявінна, чаму тады прадстаўнікі заводу адмаўляюць нават саму наяўнасьць гэтага дакумэнту?”

(Алесін: ) “Яны проста палохаюцца. Можа, за імі ёсьць нейкія іншыя грашкі. Я думаю, гэта даволі тыповая сытуацыя – яны імкнуцца адбіцца рукамі і нагамі і ня хочуць праводзіць рэальны аналіз сытуацыі".

Паводле Алесіна, у гэтым скандале не бяруць удзел, напрыклад, амэрыканскія і ангельскія ваенныя адмыслоўцы, каб не выстаўляць сябе ў сьмешным выглядзе. Аналітык таксама сьцьвярджае, што ўсе збройныя зьдзелкі ў Беларусі знаходзяцца пад кантролем адпаведных службаў, і ніякі завод ня можа прадаць сваю ваенную прадукцыю без сыстэмы адмысловых дазволаў. Канкрэтныя дамовы падпісваюць і ажыцьцяўляюць толькі 4 адмысловыя дзяржаўныя аб'яднаньні – сьцьвярджае Алесін.

Паводле аглядальніка "Белорусского рынка", беларуская тэхніка падвойнага прызначэньня тэарэтычна магла патрапіць у Ірак празь некаторыя краіны, якія, паводле заходняга друку, удзельнічалі ў мадэрнізацыі ірацкай супрацьпаветранай абароны – Кітай, Югаславію і Ўкраіну.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі лічыць цалкам верагоднай сапраўднасьць знойдзенага дакумэнту.

(Казлоўскі: ) "Завод займаецца рамонтам бранетэхнікі, мае вельмі добрае і сучаснае абсталяваньне. Таму ён, канечне, можа дапамагчы любой краіне зрабіць гэты рамонт. Тое, што ён прапануе свае паслугі па рамонту савецкай тэхнікі, – гэта я добра ведаю. А ці было рашэньне – гэта ўжо іншая справа. Гэта адказнасьць кіраўніцтва дзяржавы".

З афіцыйных асобаў на гісторыю вакол ліста адгукнуўся толькі старшыня камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец. Дапусьціўшы факт існаваньня падобнага факсу,Чаргінец заявіў, што зьмест дакумэнту можна расцаніць як рэкляму таго, што можа вырабіць завод. Паводле ягоных словаў, запіска не была накіраваная непасрэдна Іраку. Беларусь не пастаўляла зброю Іраку – чарговы раз заявіў Чаргінец. Ён, аднак, ня выключыў магчымасьці, што нейкі трэці бок мог прадаць у Ірак дэталі і абсталяваньне, вырабленыя ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG