Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АЭРАПОРЦЕ МЕНСК-2 УЗМОЦНЕНЫ САНІТАРНЫ КАНТРОЛЬ


Юры Сьвірко, Менск

Як паведаміла ў чацьвер Міністэрства аховы здароўя КНР, у Пэкіне зафіксавана 774 выпадкі гэтага захворваньня, 39 чалавек з гэтага сьпісу памёрлі. За суткі ў кітайскай сталіцы зьявілася 89 новых хворых. Ва ўнутраных раёнах КНР зарэгістравана амаль 2 з паловай тысячы хворых на атыповую пнэўманію.

Іншыя дзяржавы рэагуюць на эпідэмію адмысловымі захадамі. Японія, як і Сынгапур, усталявалі спэцыяльныя цеплакамэры, якія вызначаюць пасажыраў з высокай тэмпэратурай.

На брыфінгу ў МЗС яго прэсавы сакратар адказаў на пытаньне пра рэакцыю Менску на эпідэмію атыповай пнэўманіі ў Кітаі. Паводле Андрэя Савіных, "нейкіх кардынальных захадаў каранціннага характару МЗС не прадпрымала й прадпрымаць ня будзе". Аднак прэсавы сакратар МЗС нагадаў, што беларускае Міністэрства аховы здароўя падрыхтавала й абнародавала на гэты конт пэўныя рэкамэндацыі.

Хаця наўпроставых авіярэйсаў Менск—Пэкін няма, "Белавія" прапануе пералёты праз Маскву. Дадатковыя захады бясьпекі зробленыя санітарна-каранцінным пастом аэрапорту Менск-2. Доктар-эпідэміёляг Галіна Кажамякіна паведаміла:

(Кажамякіна: ) “Мы сустракаем усе рэйсы. Калі раней, да зьяўленьня гэтай хваробы, мы маглі выбарачна выходзіць на рэйсы – больш значныя – дык цяпер, пачынаючы з сакавіка, сустракаем абсалютна ўсе рэйсы”.
Экіпажы самалётаў падаюць адмысловыя дэклярацыі пра тое, што іхнія рэйсы прайшлі нармальна. Гэта тычыцца ўсіх авіякампаніяў. Экіпажы праходзяць адмысловы інструктаж. А што адбываецца з чартэрнымі палётамі ў Кітай?

(Кажамякіна: ) “За ўвесь гэты час быў рэйс "Тэхавіяэкспарту", які лятаў у Пэкін месяц таму. Там пасажыраў не было – толькі экіпаж. Але зь ім праца была праведзеная да вылету”.
Спадарыня Кажамакіна распавяла, што апошнім часам наконт атыповай пнэўманіі прыйшло ўжо каля 5 службовых лістоў зь Міністэрства аховы здароўя. Нядаўна выйшла адпаведная пастанова галоўнага санітарнага лекара Беларусі з адмысловым плянам прафіляктычных мерапрыемстваў. Пасажырам выдаюць спэцыяльныя сыгнальныя карткі. І гэта тычыцца ня толькі Кітаю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG