Нетыповай новы від пнэўманіі назвалі таму, што ад звычайнай яе адрозьнівае высокая – да 38 градусаў – тэмпэратура хворага, кашаль, удушлівае дыханьне, аж да ягонага спыненьня – пра гэта беларускія мэдыкі папярэджаныя праз Усясьветную арганізацыю аховы здароўя. Пабочныя прыкметы хваробы – галаўны боль, боль у мышцах і агульная слабасьць. Лекары не хаваюць, што дакладна ня ведаюць, як распаўсюджваецца хвароба, але мяркуюць, што найчасьцей – паветрана-кропельным шляхам. Гэтаксама ня ведаюць і адмысловых лекаў, а таму змагаюцца з хваробай ускоснымі шляхамі, хоць сустракаюць шмат незразумелага й праблематычнага – кажа намесьнік дырэктара Навукова–дасьледчага інстытуту эпідэміялёгіі Аляксандар Пяткевіч:
(Пяткевіч: ) “Акрамя такога нязвыкла цяжкога становішча шмат незразумелых пытаньняў. Верагодна, гэта новы вірус, які раней быў у жывёлаў, але мутаваў і стаў небясьпечным для чалавека. Большасьць антыбіётыкаў неэфэктыўныя, але іх выкарыстоўваюць, каб папярэдзіць бактэрыяльныя інфэкцыі, выкарыстоўваюць гэтаксама моцныя гармоны й антывірусны прэпарат рыбавэрын. Але галоўная складанасьць у тым, што 10% хворых патрабуюць інтэнсіўнай тэрапіі – гэта лекаваньне ў інфэкцыйных шпіталях з адмысловым наборам лекаў і доглядам. А палова зь іх патрабуюць штучнай вэнтыляцыі лёгкіх”.
Як заявіў галоўны санітарны лекар Беларусі Валерый Ключыновіч, гэтыя прэпараты беларускія мэдыкі цяпер нарыхтоўваюць у вялікіх колькасьцях. Паводле яго, пра сымптомы хваробы папярэджаныя супрацоўнікі памежных пунктаў пропуску, лётнішчаў, чыгуначных і аўтавакзалаў. Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ў шпіталях падрыхтаваныя адмысловыя ізаляваныя пакоі й нават абсталяваньне на выпадак прыезду носібітаў вірусу. Асабліва небясьпечным ён называе адкрытасьць межаў з Расей, жыхары якой найчасьцей кантактуюць з рэгіёнам Паўдзённа-Ўсходняй Азіі й адкуль у Беларусь ідзе паток нелегальных мігрантаў. Гаворыць Валеры Ключыновіч:
(Ключыновіч: ) “Ведаеце, што ратуе? Да нас пакуль даедуць гэтыя кітайцы, віетнамцы – калі чалавек там заразіўся, то ён захварэе па дарозе. Інкубацыя 2-3 дні. А, як правіла, усе гэтыя нелегальныя мігранты едуць месяцамі. Але ня выключана, што які-небудзь турыст з замежнай камандзіроўкі прыедзе”.
Таму жыхарам Беларусі спадар Ключыновіч параіў максымальна захоўваць хаця б элемэнтарныя правілы асабістай гігіены й па магчымасьці не наведваць Кітай, Віетнам, Тайланд ды іншыя краіны Паўдзённа–Ўсходняй Азіі.