Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ВЫКОНВАЮЦЦА ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ ПРАГРАМЫ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ?


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласць

Самую гучную заяву наконт пераадоленьня наступстваў Чарнобылю Аляксандар Лукашэнка зрабіў у Гомелі ў 1999 годзе на нарадзе з “вэртыкальнымі” кіраўнікамі рэгіёнаў, міністэрстваў і ведамстваў.

(Лукашэнка: ) “Самае галоўнае – два гады, два гады і да канца 2000 году мы павінны стабілізаваць сытуацыю ў гэтых раёнах. Гэта самая галоўная задача –цягам двух гадоў стабілізаваць тут сытуацыю, каб яны не былі чарнобыльскімі, беднымі, няшчаснымі і выпадаючымі з нармальнага жыцьця нашай дзяржавы”.

З таго часу мінула ня два, а чатыры гады. Я пацікавіўся ў старшыні Брагінскага райвыканкаму Рычарда Стэфановіча, ці зраўняліся, на ягоны погляд, пацярпелыя раёны ў сваім эканамічным і сацыяльным разьвіцьці са звычайнымі?

(Стэфановіч: ) “Не зраўняліся і не зраўняюцца, гэта безумоўна. Праграмаў розных было шмат, але ня ўсе яны выконваюцца. Фінансаваньне сёньняшніх праграмаў вядзецца адсоткаў на 70, і з кожным годам зьмяншаецца. Галоўная праграма – газіфікацыя – забясьпечваецца на 10%. Дык пра што можна далей казаць?”

Паводле слоў старшыні Брагінскага райвыканкаму, асабліва бракуе падтрымкі эканамічнага патэнцыялу чарнобыльскіх раёнаў. Моцным ударам сталася нядаўняе закрыцьцё маслазаводу. На вуліцу выкінутыя 46 чалавек. Райвыканкам выступаў супраць, але яго ніхто не паслухаў. На чарзе – закрыцьцё ў Брагіне хлебазаводу, дзе занята паўсотні чалавек.

Летась кіраўнік дзяржавы 26 красавіка праводзіў у забруджаным радыяцыяй Чачэрскім раёне. Абяцаў сродкі на станцыю абезжалезваньня вады, паколькі пітная вада ў райцэнтры неякасная. Загадваў міністру сувязі забясьпечыць радыётэлефонамі нават бабуль і дзядуль.

Станцыя для вады пакуль не пабудаваная. Радыётэлефонаў няма, бо гэта, як сьцьвярджаюць адмыслоўцы, ня простая тэхнічная праблема. Нават мэдычнае абслугоўваньне для жыхароў раёну становіцца меней даступным. Распавядае вясковая жыхарка Антаніна Самусева:

(Самусева: ) “Рэнтген праходзіць – трэба плаціць, свой шпрыц, сваё зельле-вясельле. Усё трэба сваё. Няма свайго, значыць, здыхай у хаце”.

Пашанцавала хіба толькі Марыі Кірыленка, што прыехала ў Чачэрск з Расеі. Яна скардзілася кіраўніку дзяржавы, што шпіталь патрабуе зь яе як з замежнай грамадзянкі грошы за мэдычныя паслугі. Плату для спадарыні Кірыленка адмянілі, а неўзабаве яна атрымала і беларускае грамадзянства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG