24 красавіка Міхаіл Лявонаў зрабіў заяву для суду. Ён абверг усе вылучаныя абвінавачаньні, назваўшы іх "неабгрунтаванымі і незразумелымі". Сьледзтва ён абвінаваціў у "фальшаваньні справы ад пачатку да канца". Больш за тое: былы дэрэктар МТЗ лічыць, што перад сьледзтвам была пастаўленая задача зрабіць зь яго злачынцу, і гэта выконвалася праз усе магчымыя сродкі.
Паводле Лявонава, сьледчыя нібыта запалохвалі сьведкаў, у тым ліку былых падначаленых Лявонава, аказвалі маральны ціск на ягоных сваякоў, фальшавалі доказы. Асноўную ролю ў падрыхтоўцы справы, як лічыць абвінавачаны, выконваў кіраўнік сьледчай групы Іван Бранчаль. Лявонаў сьцвярджаў у судзе, што Бранчаль нібыта прапаноўваў яму прызнацца ў злачынствах у абмен на ўмоўнае пакараньне. Яшчэ на адрас сьледчага экс-дырэктар заявіў, што той нібыта паведамляў хлусьлівыя зьвесткі пра яго Аляксандру Лукашэнку і такім чынам увёў кіраўніка краіны ў зман. Гэтак, паводле Лявонава, узьніклі зьвесткі пра 18 мільёнаў даляраў на рахунках у нямецкім банку, якія насамрэч ёсьць "хваравітай фантазіяй сьледчага" – лічыць Міхаіл Лявонаў.
Былы дырэктар МТЗ заклікаў Аляксандра Лукашэнку ўмяшацца і спыніць "свавольства сьледчых" пракуратуры. Дарэчы, прозьвішча Лукашэнкі падсудны згадаў пасьля пасажу пра вялікую дапамогу, якую "прэзыдэнт краіны аказваў заводу". Увогуле, вытворчым дасягненьням МТЗ была прысьвечаная ледзь не палова гадзінавага выступу Лявонава.
Затое больш стрыманым Міхаіл Лявонаў стаў, калі суд перайшоў да высьвятленьня першага эпізоду абвінавачваньня – пра выкраданьне 215 трактараў "Беларусь". Судзьдзя Міхаіл Кашко прапанаваў былому дырэктару даць тлумачэньні адносна гэтага эпізоду, але Лявонаў адмовіўся выступаць да таго часу, пакуль свае доказы не прадаставіць пракуратура. Судьдзя вымушаны быў даць слова пракурорам, але спадароў Шэндэровіча і Каспяровіча такі паварот падзеяў відавочна засьпеў зьнянацку. Яны папрасілі перапынак для кансультацыяў. Тым часам я папрасіў абаронцаў патлумачыць, чаму была абраная тактыка тлумачэньняў пасьля прад'яўленьня доказаў віны. Адвакат Андрэй Невядоўскі зьвязаў яе з асаблівасьцямі справы.
(Невядоўскі: ) "Дагэтуль няма зьвестак, колькі ў справе сьведкаў, шмат дакумэнтаў увогуле не маюць дачыненьня да абвінавачаньня. З гэтай прычыны Лявонаву вельмі цяжка арыентавацца ў матэрыялах справы, і ён хоча канкрэтызацыі з боку абвінавачаньня, а ўжо потым будзе гатовы засьведчыць сваю пазыцыю".
Дарэчы, ў большасьці краінаў сьвету судовыя працэсы пабудаваныя як раз паводле гэтага прынцыпу – спачатку свае доказы прадстаўляе абвінавачаньне, а ўжо потым на іх адказвае абарона. Інакш было ў савецкай судовай сістэме, і тое, што судзьдзя спрабаваў паводле гэтага сцэнару весьці працэс, адвакаты тлумачаць ягоным мінулым досьведам. Яшчэ адзін варты ўвагі факт: адвакат Аляксандар Самусеў ужо атрымаў вымову за свае спробы выказаць заўвагу старшыні адносна вядзеньня працэсу. Пасьля другой вымовы адвакат можа быць пакараны ў службовым парадку.