Цягам 17 гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы нормы ўтрыманьня радыёнуклідаў у харчаваньні пераглядаліся 9 разоў. І цяпер, паводле адмыслоўцаў Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня, беларускія нормы значна больш жорсткія за эўрапейскія. Прадстаўніца гэтага міністэрства Зінаіда Басалаева прыводзіць наступны прыклад: міжнародная норма – 600 бэкерэляў на кіляграм, у Беларусі ж, напрыклад, на малако – 100 бэкерэляў, на ялавічыну – 500 бэкерэляў. Зараз у краіне дзейнічае 539 лябараторыяў, якія дасьледуюць узровень радыёнуклідаў. Радыё Свабода папрасіла спадарыню Басалаеву патлумачыць выпадак, калі ў Санкт-Пецярбурзе адмовіліся набываць ялавічыну з Гомельшчыны пасьля таго, як дасьледаваньне паказала высокі ўзровень забруджаньня. Паводле Зінаіды Басалаевай, ялавічыну прадавала камэрцыйная структура, якая нейкім чынам пазьбегла кантролю.
Зараз у сельскай гаспадарцы Беларусі выкарыстоўваецца больш за 1 мільён гэктараў зямлі, забруджанай радыёактыўным цэзіям, і больш за 400 гэктараў – стронцыем. Прадукцыю з гэтых земляў перапрацоўваць. Прыкладам, з малака робяць вяршкі ці тварог, зерне ідзе на харчаваньне жывёле.
Паводле адмыслоўцаў, праз 17 гадоў пасьля чарнобыльскай аварыі радыяцыя ўзьдзейнічае на людзей з большага менавіта праз харчаваньне. Гаворыць прэзыдэнт Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка:
(Якавенка: ) “У паветры іх мала цяпер, фон невысокі. Асноўныя радыёнукліды паступаюць цяпер зь зямлі, праз расьліны, праз ваду. Улады вядуць такую палітыку, што нібыта нічога там забруджанага няма. На Гомельшчыне й Магілеўшчыне некалькі соцень вёсак пазбавілі статусу забруджаных. Усё вядзецца да таго, каб людзі забылі пра радыяцыю, але тым ня менш, яна нагадвае пра сябе. Радыяцыя – гэта бомба працяглага дзеяньня. Аслаблены кантроль на сёньняшні дзень. Нашыя ўлады вядуць тую ж палітыку, якую вялі й савецкія ўлады. Усё замазаць, прыхаваць, і таму мы будзем хварэць яшчэ нямала часу”.
Якім чынам ужываньне харчоў з утрыманьнем радыёнуклідаў уплывае на стан здароўя людзей? Паводле кіраўніцы мэдычнай лябараторыі Беларускага камітэту “Дзеці Чарнобыля” Тамары Белавокай, унутранае хранічнае апраменьваньне назіраецца сёньня ва ўсёй Беларусі. У якасьці прыкладу Тамара Белавокая прыводзіць лічбы, атрыманыя падчас дасьледаваньня гарадзенскіх навукоўцаў:
(Белавокая: ) “Яны праводзілі дасьледаваньне саскобаў сьлізістай маткі пасьля аборту, кавалачкаў тканак, узятых пасьля апэрацыяў на органах малога тазу пацыентак чыстай Гарадзеншчыны. Наяўнасьць радыёактыўнага цэзію адзначалася ў гэтых жанчынаў у 100% выпадкаў, а ў 15-20% пробаў прысутнасьць радыёцэзія адзначалася як вельмі высокая. Інстытут аховы мацярынства й дзяцінства дасьледаваў забруджаньне мацярынскага малака некалькі гадоў запар. Цэзій знаходзілі ў 89% пробаў, стронцый – у 81%. У 100% выпадкаў сьвінец ёсьць у мацярынскім малацэ, у тым ліку ў Менску і другіх гарадах, значыць гэтае забруджаньне ёсьць і ў нашым харчаваньні. Каб быў добры кантроль, то яно б не трапляла ў харчаваньне. Я лічу, што нашая сыстэма адсочваньня не працуе”.