Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЙШАЎ У СЬВЕТ ЗБОРНІК ЛІТОЎСКАЙ ПАЭЗІІ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ


Ганна Соусь, Менск

У зборніку зьмешчаныя вершы больш як дваццаці літоўскіх паэтаў, такіх як Юстынас Марцынкявічюс, Бэрнардас Бразджоніс, Карнэліўс Плацяліс, Антанас Ёнінас, Айдас Марчэнас ды іншыя. Аўтарамі ідэі гэтага выданьня сталі жонка літоўскага амбасадара Даля Паслаўскене й старшыня аб’яднаньня літоўскай грамады ў Беларусі, а таксама кіраўніца цэнтра літоўскай культуры, інфармацыі ды асьветы Віргінія Тарнаўскайтэ. Яны вырашылі пазнаёміць беларускіх чытачоў з сучаснай паэзіяй Літвы. Справа ў тым, што апошнія дзесяць гадоў творчасьць літоўскіх паэтаў была фактычна невядомая ў Беларусі з прычны адсутнасьці перакладу, за выключэньнем некалькіх вершаў у пэрыёдыцы. А тым часам у Літве зьявілася шмат цікавых паэтычных твораў, як ужо вядомых, так і маладых паэтаў.

Тэхналёгія працы над гэтым выданьнем была наступная: Віргінія Тарнаўскайтэ й Даля Паслаўскене й Эмілія Пранскутэ перакладалі вершы, а паэтычнае гучаньне ім ўжо надалі беларускія паэты Эдуард Акулін, Вольга Іпатава й Міхась Скобла. Фундатарамі выданьня сталі амбасада Літвы ў Беларусі, дэпартамэнт нацыянальных меншасьцяў Літвы й беларускі Камітэт ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Да таго ж грошы на будаўнітцва кнігі далі й літоўскія бізнэсмэны. Кніга літоўскай паэзіі накладам у 2 тысячы асобнікаў была выдадзеная ў маладэчанскай друкарні “Перамога”.

Як зазначыў літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас, у культурніцкіх дачыненьнях паміж нашымі краінамі ўсё яшчэ існуе пэўны застой, і гэтае выданьне можа даць імпульс для больш шчыльнага культурніцкага беларуска-літоўскага супрацоўніцтва. І наступным крокам у гэтым кірунку пасьля выданьня кнігі літоўскай паэзіі на беларускай мове будзе арганізацыя плэнэра беларускіх мастакоў у Нідзе.

Што да самога выданьня, то літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас зазначыў наступнае:

(Паслаўскас: ) ”Я не магу не адзначыць мастацкую вартасьць гэтага выданьня, бо яно сабрало ў адзінае цэлае нашыя найлепшыя паэтычныя творы, пачынаючы з клясыка літоўскай паэзіі й маральнага аўтарытэта Літвы Юстынаса Марцынкявічуса, легенды нашай паэзіі Бэрнардаса Бразджоніса, і заканчваючы сучаснымі выбітнымі літоўскімі паэтамі. Мне падаецца, што са зьяўленьнем гэтай кнігі Літва стала больш блізкая да Беларусі. Сёньня мы вяртаемся да вытокаў нашай духоўнай блізкасьці, якая зьвязвае нас яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG