Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ДЭБААСІФІКАЦЫЯ” ІРАКУ

Кастусь Бандарук, Прага

“Якім чынам амэрыканцы і брытанцы могуць пераадолець кантроль сацыялістычнай партыі БААС над ірацкім народам?” – задаецца пытаньнем аўтар артыкулу “What Iraq Can Learn From De-Nazification” ў “Wall Street Journal” Дэніэл Джонсан. У сваёй кніжцы “Крызіс ісьляму” Бэрнард Луіс піша, што ідэалёгія партыі БААС у Іраку і Сырыі мае сваю першакрыніцу ў гітлераўскай Нямеччыне. Арабскія нацыяналісты былі ачараваныя нямецкім нацыянал-сацыялізмам. Яны мелі на Блізкім Усходзе тых самых ворагаў: брытанцаў і сыяністаў. У 1941 годзе брытанскае ўмяшаньне прадухіла ўзьнікненьне пра-нацысцкага рэжыму ў Іраку. Пасьля 1945 году баасізм падпаў пад савецкі ўплыў, што толькі ўзмацніла ягоны таталітарны характар. Баасізм пераняў досьвед нацыстаў і саветаў: перасьлед апазыцыі з боку сакрэтнай паліцыі, бойню цэлых гарадоў і падмацоўваньне дыктатуры мілітарысцкай прапагандай, – піша Дэніэл Джонсан.

У 1945 годзе праблемы Нямеччыны здаваліся большымі, чым зараз у Іраку.Там былі мільёны перамешчаных асобаў, былых нявольнікаў Трэцяга Рэйху, ваеннапалонных з усёй Эўропы і нямецкіх уцекачоў з Усходу. Вайсковае камандаваньне было вымушанае ня толькі ўсім запэўніць харчы, лекі і дах на галавою. Пасьля выяўленьня праўды пра зьверствы нацыстаў трэба было паўстрымліваць і жаданьне помсты над імі, як і крапатліва выкараняць здані фашызму. Адміністрацыя Айзэнгаўэра назвала гэты працэс “дэнацыфікацыяй”. Аднак перад саюзьнікамі адразу ўзьнікла праблема: як вылавіць злачынцаў і пакараць іх, як прадухіліць адраджэньне нацызму, як у грамадзтве, якое амаль усё несла частку адказнасьці, знайсьці людзей, вартых даверу, і даручыць ім публічныя функцыі?

Аднак незважаючы на ўсе засьцярогі, амэрыканцы і брытанцы выканалі сваё заданьне. Яны ўжылі даволі просты, але надзвычай эфэктыўны мэтад. Пад пагрозай пазбаўленьня працы або талонаў на харчы кожны немец павінен быў адказаць на 131 пытаньне, датычнае ягонай палітычнай актыўнасьці ў часы нацызму. Улічвалася таксама сьведчаньне іншых людзей. Гэткім чынам, – нагадвае Дэніэл Джонсан на старонках “Wall Street Journal”, філёзаф Мартын Гайдэгер, а таксама многія іншыя навукоўцы за свае сымпатыі да нацыстаў цягам шэрагу гадоў былі пазбаўленыя права выкладаць.

У сваёй акупацыйнай зоне амэрыканцы ўзяліся за дэнацыфікацыю больш энэргічна за брытанцаў. Яны падзялілі немцаў на чатыры групы паводле ўзроўню віны. Агулам амэрыканцы пакаралі турмой, канфіскацыяй маёмасьці або адхіленьнем ад пасадаў каля мільёна немцаў, амаль у 3 разы болей, чым брытанцы. 481 нацыста асудзіў трыбунал у Нюрнбэргу. Сьмяротнае пакараньне было прысуджанае толькі найбольш адыёзным ваенных злачынцам. Праўда, у часы халоднай вайны некаторыя нацысты былі рэабілітаваныя. Пры канцлеры ФРГ Конрадзе Адэнаўэры некаторыя спэцыялісты зь ліку былых нацыстаў, незважаючы на сваё мінулае, атрымалі высокія пасады. Праз дваццаць гадоў пасьля вайны Курт-Георг Кізінгер стаў нават канцлерам ФРГ(1966-1969). Многім амэрыканцам і немцам гэта не падабалася, але гэта быў доказ таго, што дэнацыфікацыя дала плён, што нацысты могуць стаць дэмакратамі.

Дэніэл Джонсан, камэнтатар газэты “Daily Telegraph”, лічыць, што заданьне саюзьнікаў аблягчылі некаторыя рысы нямецкага характару. Амэрыканскі псыхоляг Саўл Падовэр трапна заўважыў, што захаваліся нямецкія архівы, паколькі немцы ахвотней палілі людзей, чым дакумэнты. Нямецкая паслухмянасьць у дачыненьні да ўлады схіляла іх ня толькі да ляяльнасьці , а нават да рабалепства ў дачыненьні да саюзьнікаў. Пры гэтым нават сярод антынацыстаў ня зьнік гонар за сваю нямецкую культуру.

Іраку не хапае шматлікіх з гэтых плюсаў, – канстатуе Дэніэл Джонсан. Баасісты кіравалі краінай значна даўжэй, чым нацысты, і магчыма, будзе цяжэй устанавіць ўзровень іхнай віны. Саюзьнікі ня маюць яснага ўяўленьня пра баасіфікацыю. Празь некалькі дзён пасьля захопу Басры брытанцы даручылі былым баасістам адміністрацыйныя функцыі. Акрамя таго, як гэта не дзіўна, іракцы больш гордыя, чым немцы 60 гадоў таму. Яны не пагаджаюцца са зьняважлівым стаўленьнем да іх як да нецывілізаваных людзей з Трэцяга Сьвету.

У кожным разе, піша Дэніэл Джонсан на старонках “Wall Street Journal”, як кажуць некаторыя ірацкія лідэры, напрыклад Ахмед Чалябі, калі іракцы хочуць, каб баасізм быў пераадолены, яны павінны дапамагчы саюзьнікам у гэтым. Пасьля 1989 году ў некаторых краінах Усходняй Эўропы частка былых камуністаў была пакараная, але ў іншых краінах яны вярнуліся да ўлады. У кожным разе, Злучаныя Штаты ня хочуць вяртаньня прыхільнікаў Садама Хусэйна.

Ёсьць прыпушчэньне, што абодва бакі – і саюзьнікі, і Ірак – спадзяюцца на непрацягласьць акупацыі, але дарэмна. Лепш было б, каб новыя ірацкія лідэры паставіліся да прысутнасьці саюзьнікаў у іхнай краіне як да нечага трывалага. У 1945 годзе Гары Труман абяцаў пакінуць Нямеччыну цягам двух гадоў. Аднак, незважаючы на ўсю крытыку і незадаволеньне, у мінулым і цяпер, факт, што амэрыканцы замацаваліся ў Нямеччыне, аказаўся станоўчым. Ірак таксама патрабуе прысутнасьці саюзьнікаў. Амэрыканскія і брытанскія камандзіры павінны таксама зрабіць хаця б частковы ўжытак з досьведу дэнацыфікацыі. Застаецца толькі спадзявацца, што саюзьнікі ведаюць, за якое адказнае заданьне яны ўзяліся, – піша Дэніэл Джонсан на старонках газэты “Wall Street Journal”.
XS
SM
MD
LG