Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАТРЫЯРХУ БЕЛАРУСКАЙ ГАБРЭЙСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ РЫГОРУ РЭЛЕСУ СПОЎНІЛАСЯ 90 ГАДОЎ


Валянціна Аксак, Менск

Рыгор Рэлес піша навэлы пра местачковыя звычаі сваіх суродзічаў, пра знакамітых мастакоў Пэна і Шагала, піша ўспаміны пра клясыкаў беларускай габрэйскай літаратуры Ізі Харыка і Цодзіка Даўгапольскага. Піша роздумныя, мудрыя вершы пра сваё роднае мястэчка Чашнікі, прыхаваныя іскры ў саломе, якія савецкім цэнзарам здаліся крамольнымі. А вось адзін з апошніх – пра самотную яблыню, якую ўсе трасуць і нават б’юць палкамі, каб дастаць ейныя салодкія яблыкі.

Рыгор Рэлес – адзіны ў Беларусі, хто піша на ідыш. Хоць менавіта Беларусь стала фактычнай калыскай габрэйскай паэзіі на ідыш. У дваццатыя гады ў Саюзе пісьменьнікаў была вялікая сэкцыя габрэйскіх пісьменьнікаў. А сёньня Рыгор Рэлес са скрухаю гаворыць:

(Рэлес: ) “Зараз у нас у Менску можа ёсьць чалавек 5, якія здольныя чытаць тое, што я пішу. І гэта назіраецца ня толькі ў Беларусі, ня толькі ў былым Савецкім Саюзе, гэта назіраецца ва ўсім сьвеце”.

Але паэт верыць, што ягоная родная мова і літаратура на ёй ня зьнікне:

(Рэлес:) “Ня верыцца, што гэтая літаратура зьнікне, зьнікне таму, што мова яе зьнікне. Ніяк ня верыцца”.

Ня верыць у такое і перакладчык твораў Рыгора Рэлеса і даўні ягоны сябар Рыгор Барадулін:

(Барадулін: ) “Ёсьць да ідыш цікавасьць у моладзі. Ну і, безумоўна, старое пакаленьне засталося вернае сваёй мове. Дарэчы, мы тут роўныя з габрэямі ва ўсіх адносінах. І лёс нашай беларускай крывіцкай мовы, і лёс габрэйскай мовы ідыш у Беларусі дужа блізкія. Толькі што нас крышачку болей, афіцыйна мы быццам бы тытульная нацыя... Я думаю, што гэтая мова не загіне, таму што яна мае глыбокія карані. Я думаю, што ўсё-ткі яна будзе жывая”.

Гэтая вера Рыгора Барадуліна ёсць найлепшым пажаданьнем Рыгору Рэлесу ў дзень ягонага 90-годзьдзя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG