Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗАБРУДЖАНЫХ РАДЫЯЦЫЯЙ ВЁСКАХ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ ПРАЦЯГВАЮЦЬ ЖЫЦЬ 2 ТЫСЯЧЫ СЕМ’ЯЎ

Казімер Яноўскі, Чачэрскі раён

Вёскі Залаўе і Крутое Чачэрскага раёну знаходзяцца ў зоне забруджаньня 15-40 кюры. Аднак ягоныя жыхары, што ня здолелі з розных прычынаў выехаць адсюль адразу пасьля Чарнобыльскай катастрофы, працягваюць сваё нялёгкае жыцьцё.

Пэнсіянэрку Антаніну Самусеву я напаткаў заплаканай на падворку ў Залаўі.

(Самусева: ) “Трэба во чалавека наймаць, каб даглядаў. Радыкуліт ці што – ні сагнуцца, ні разагнуцца. Доктар – у Роўкавічах. Папрашу суседа, дык ён прыйдзе, дагледзіць жывёлу”.

Праз вуліцу жыве маладзейшая сям’я Ключынскіх, але дачыненьні бабулі Антаніны і маладой гаспадыні ня склаліся. З-за вады.

(Самусева: ) “Жывуць побач, а вады не даюць набраць. Калонка стаіць, а вады не даюць. Яна са мною білася. Матор сапсаваўся, трэба было 5 тысячаў плаціць, а ў мяне на хлеб не хапае. Яна вады не дае”.

Ейны цёзка паводле прозьвішча, Уладзімер Самусеў, 53-гадовы халасьцяк, які зарабляе на жыцьцё выпасам кароў і дапамогай нямоглым, запісваўся ў свой час на перасяленьне ў Гомель. Дакладней, яго запісаў сваяк, але з гэтага нічога ня выйшла.

(Самусеў: ) “Селядцоў Адам, сваяк, запісаў мяне ў Гомель. Я тады ў шпіталі з запаленьнем ляжаў. Не атрымалася перасяліцца. А мне яшчэ 7 гадоў да пэнсіі”.

Доўгія гады чакае з мужам перасяленьня ў Гомель Лідзія Кісялёва зь вёскі Крутое.

(Кісялёва: ) “Пакуль атрымаем жытло, я магу ў магілу сысьці. Магу жыць, а мо і не”.

75-гадовы вясковец Казімір Акінчыц жыве адзін. Жонка памерла, дзеці – у абласным цэнтры. Ён нават і не спрабаваў пакінуць сваю забруджаную вёску.

(Акінчыц: ) “А мне няма куды ехаць. Гэту кватэру перш, чым атрымаеш, 20 гадоў пройдзе. Не раней! Яны будуць даваць кватэры працаздольным, а не састарэлым. Пастанова ёсць не даваць кватэраў. Куды не пішы – карысьці ніякай”.

У аддзеле чарнобыльскіх праблемаў Чачэрскага райвыканкаму высьветліў, колькі ж жыхароў раёну чакаюць жытла ў чыстых месцах. Гаворыць загадчыца аддзелу Валянціна Хадановіч.

(Хадановіч: ) “На сёньня на тэрыторыі Чачэрскага раёну знаходзіцца яшчэ 8 паселішчаў на адсяленьні. Яны ў зоне 15-40 кюры. Гэта Аляксееўка, Навухавічы, Залаўе, Крутое ды яшчэ чатыры вёскі. Пражываюць там 77 сем’яў, 65 зь іх маюць права на адсяленьне. Некаторыя людзі сталага веку ўжо адмаўляюцца ехаць. Хочуць дажываць у сваіх вёсках. 46 сем’яў -- гэта 57 чалавек – падалі заявы на адсяленьне”.

Паводле словаў спн. Хадановіч, з 2000 году кватэры ў абласным цэнтры атрымалі толькі дзьве сям’і. У бюджэце краіны няма сродкаў на ўзьвядзеньне так званага чарнобыльскага жытла ў чыстых зонах.
XS
SM
MD
LG