Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯ МІЛЬЁНА ВЕРНІКАЎ ЗЬДЗЕЙСЬНІЛІ ПАЛОМНІЦТВА Ў КЭРБЭЛУ


Заміра Эсганава, Кэрбэла

Сёньня кульмінацыя паломніцтва шыітаў ў Карбалу. У поўдзень паломнікі закончылі трохдзённыя маршы і малітвы, і пасьля 13-й гадзіны паводле мясцовага часу натоўп пачаў разыходзіцца, людзі накіраваліся дамоў.

Я стаяла на даху гатэлю ў Кэрбэле, недалёка ад галоўнага мячэту. Там знаходзіцца грабніца Хусэйна, і вакол яе адбываліся галоўныя ўрачыстасьці. Сёньня там быў мільён чалавек, магчыма, нават паўтара. Усе вуліцы гораду былі напоўненыя людзьмі. Вернікі несьлі партрэты Хусэйна і сьпявалі набожныя песьні. Паводле традыцыі, мужчыны білі сябе ў грудзі, а жанчыны па чале. Цягам трох дзён вернікі шмат разоў абыходзілі вакол мячэту, затым накіроўваліся ў храм, цалавалі ўваходныя дзьверы, а затым падлогу мячэту, і гэтак паўтаралі шэраг разоў, таксама сёньня.

Я бачыла вялікі канвой амэрыканскіх сілаў толькі па дарозе ў Кэрбэлу. Амэрыканцы заблякавалі аўтамагістраль, якая вядзе ў горад, што раздражняла плігірымаў, якія накіроўваліся ў Кэрбэлу. Аднак у самой Кэрбэле і вакол гораду я ня бачыла амэрыканскіх вайскоўцаў. Бачыла недзе каля 10 узброеных людзей зь сілаў Ахмада Чалабі, яшчэ дзясятак чалавек кантралявалі ўезд у Карабалу, але гэта ўсё. У самым горадзе няма ні паліцыі, ні сілаў бясьпекі.

Што тычыцца парадку, дык на пачатку назіраўся пэўны хаос і неарганізаванасьць. Мясцовыя ўлады і валанцёры спрабавалі наводзіць парадак, але ў асноўным вялікіх праблемаў з парадкам не было.

Што да стаўленьня да сілаў ЗША, дык вернікі выказвалі ўдзячнасьць кааліцыйным сілам за тое, што яны зрабілі, што няма ўжо Садама. Заразом яны дадавалі, што хацелі б, каб кааліцыйныя сілы пакінулі Ірак як мага хутчэй і дазволілі іракцым самім кіраваць краінай.

У Іраку складаная гуманітарная сытуацыя. Асноўная праблема – гэта адсутнасьць вады. Людзі не атрымліваюць дапамогі. Я ня бачыла ні сьледу гуманітарных арганізацыяў і ніякіх грузаў з дапамогай. Я ня бачыла замежнай дапамогі ў Багдадзе, дык тым болей яна не магла паступіць ў правінцыйны горад. Аднак па дарозе ў Кэрбэлу я бачыла, як людзі прадаюць цукар і муку, і тады зразумела, што нейкая дапамога ўсё ж паступае, калі яна ўжо апынулася ў руках спэкулянтаў. Што тычыцца Багдаду, дык учора ўпершыню ад пачатку вайны ў некаторых кварталах гораду зьявілася электрычнасьць. Ад радасьці людзі стралялі ў паветра. Наагул, паступова настроі людзей папраўляюцца, і жыцьцё ў Багдадзе вяртаецца да нормы. Але назіраецца і хаос. Людзі ня ведаюць, хто кіруе краінай, а розныя партыі, ад іслямскіх да камуністычных, займаюць будынкі, каб ператварыць іх у свае штаб-кватэры. Усё ж жыцьцё паступова нармалізуецца, і пачынаюць працаваць гатэлі, крамы і рэстарацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG