Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗАБОЙСТВЕ СЯРГЕЯ ЮШАНКОВА ПАДАЗРАЮЦЬ 20-ГАДОВАГА АРЦЁМА СТЭФАНАВА

Віталь Тарас, Прага

Як паведамляе агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на крыніцу ў праваахоўчых органах, затрыманы мог зьвязваць арышт свайго бацькі, які адбыўся некалькі гадоў таму, зь ягоным крытычным лістом на адрас Юшанкова. Акрамя таго, паводле агенцыі Інтэрфакс, “і затрыманы, і ягоны бацька, паводле некаторых зьвестак, маюць псыхічнае захворваньне”. Далей паведамляецца, што Стэфанаў-старэйшы некалі напісаў Юшанкову ліст з пагрозамі, які той перадаў у пракуратуру. Стэфанаў-старэйшы быў затрыманы і правёў паўгоду ў турме.

Сябра партыі “Либеральная Россия”, лідэрам якой быў Сяргей Юшанкоў, заявіў сёньня ў інтэрвію радыё “Эхо Москвы”, што ён сумняваецца ў якой-небудзь датычнасьці Стэфанава-малодшага да забойства дэпутата.

Забойства Юшанкова выклікала шок у расейскіх палітычных колах. Многія дэпутаты Думы, асабліва зь левага лягеру, патрабавалі нават адстаўкі міністра ўнутраных справаў Барыса Грызлова, які адначасова ўзначальвае партыю “Единство”. Сёньня ў Думе прайшло закрытае паседжаньне, на яое былі запрошаныя генэральны пракурор Уладзімер Усьцінаў і кіраўнік ФСБ Мікалай Патрушаў. Прычым, менавіта дэмакратычнае крыло дэпутатаў настойвала на тым, каб паседжаньне было зачыненым для прэсы. Вось як тлумачыў гэтую пазыцыю сустаршыня “Либеральной России” дэпутат Пахмелкін:

(Пахмелкін: ) “Калі сапраўды хочаце даведацца і дапамагчы сьледзтву, тады вы зараз прагаласуеце за тое, каб размова была закрытая і каб ні кроплі інфармацыі адсюль ня выйшла, і тым болей, каб на экранах тэлевізараў не мельцешылі твары тых, з кім Сяргей Мікалаевіч нярэдка сутыкаўся ў сваім жыцьці і з кім змагаўся”.

У той час, як генэральны пракурор Расеі выступіў на закрытым для прэсы паседжаньні, ягоны намесьнік Уладзімер Калесьнікаў заявіў перад журналістамі, што ён абвяргае вэрсію палітычнага забойства. ”Які палітычны тэрор? Мы – самая свабодная ў сьвеце краіна, ні ў воднай краіне сьвету няма такой свабоды выказвацца, гаварыць. Красьці трэба менш, тады страляць ня будуць”.

Нагадаем, што напярэдадні вядомы прадпрымальнік Барыс Беразоўскі, выдачы якога дамагаенцца ў Англіі расейкая пракуратура, абнародаваў паказаньні Юшанкова, які той нядаўна даў уладам Вялікай Брытаніі ў сувязі са справай Беразоўскага. У гэтых паказаньнях Юшанкоў гаварыў аб магчымасьці расправы над людзьмі, зьвязанымі з расьсьледаваньнем выбухаў жылых дамоў увосені 1999 году. Тыя выбухі ў свой час сталіся падставай для другой паўнамаштабнай ваеннай апэрацыі фэдэральных сілаў у Чачэніі.

Вядома, што “Либеральная Россия” была заснаваная ў 2001 годзе пры фінансавай падтрымцы Беразоўскага. Але пазьней Юшанкоў разарваў зь ім адносіны пасьля таго, як магнат вырашыў зрабіць стаўку зусім на іншую партыю – на камуністаў. Сёньня, аднак, былы сьпікер Дзярждумы Іван Рыбкін пацьвердзіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве, што Юшанкоў у мінулым месяцы меў сустрэчу зь Беразоўскім у Лёндане. А вось як Іван Рыбкін гаворыць пра забойства Юшанкова: “Рускі фашызм уздымае галаву. Сьмерць Сяргея я ўспрымаю як водгульле чачэнскай вайны, царыцынскага пагрому. Відавочна, што зараз у рускім чалавеку абуджаюць нянавісьць да чужынцаў, а разам з гэтым – і да іншадумцаў”.

А вось які прагноз выказаў у інтэрвію Радыё Свабода намесьнік дырэктара маскоўскага цэнтру паліттэхналёгіяў Дзьмітры Арлоў:

(Арлоў: ) “Пачатковая хваля пэўнай незадаволенасці некаторымі сілавымі структурамі, незадаволенасьць палітычным рэжымам Пуціна – яна хутка спадзе. Асабліва, калі пракуратура і МУС прадставяць рэальную вэрсію забойства Юшанкова”.

Дарэчы, Гэнэральная пракуратура не выключае магчымасьці аб’яднаньня дзьвюх справаў – аб забойстве дэпутатаў Думы: лідэраў партыі “Либеральная Россия” Сяргея Юшанкова і Ўладзімера Галаўлёва. Сяргей Юшанкоў быў блізкім сябрам Ўладзімера Галаўлёва, а таксама Галіны Старавойтавай, забітай некалькі гадоў таму ў Санкт-Пецярбургу. Ўладзімер Галаўлёў быў забіты ў Маскве летась.

Многія аналітыкі зьвязаюць цяперашняе забойства з пачаткам выбарчай кампаніі ў Расеі – у сьнежні адбудуцца выбары ў Думу, а ў наступным годзе адбудуцца прэзыдэнцкія выбары.
XS
SM
MD
LG