Два дні спатрэбіліся прадстаўнікам беларускага Дзяржкамавія, гомельскага авіяатраду і кіраўніку расейскага кансуляту ў Лагосе, каб пераканаць гаспадара гатэлю задаволіцца рэальнай сумай выдаткаў за пражываньне двух экіпажаў гомельскага Ту-154. Афіцыйна сума склала 25 тысячаў даляраў, але адзін зь пілётаў у часе тэлефоннай размовы недвухсэнсоўна даў зразумець, што толькі гэтымі грашыма справа не завершылася б. Да таго ж, чаканыя яшчэ ўчора грошы паступілі на рахунак толькі сёньня, калі настаў апошні тэрмін. Яшчэ раніцай гаспадар прыгразіў "уключыць лічыльнік", і ўсе сумы памнажаць “на два".
Пра найбліжэйшыя пляны экіпажу распавядае кіраўнік прадпрыемства "Гомельавія" Анатоль Кірсанаў:
(Кірсанаў: ) "Мы з гэталю зьяжджаем і накіроўваемся альбо ў расейскае гандлёвае прадстаўніцтва, альбо адлятаем дадому. Якраз зьбіраемся ехаць на лётнішча, каб даведацца, што за месяц сталася з самалётам. Таму гарантыі, што адляцім сёньня, даць не магу. Трэба дасканала праверыць самалёт, агледзець яго, пратэстыраваць. Усё пажадана рабіць пры дзённым, натуральным асьвятленьні. А час ляціць, цямнее тут рана. Таму, пэўна, больш рэальна адляцець заўтра".
Бортправадніца гомельскага экіпажу Вольга з задавальненьнем пакідае гатэль. На пытаньне: чаму? — маўляў, функцыянэры Дзяржкамавія неаднойчы з тэлеэкранаў распавядалі, што лётчыкі жывуць у камфортным шматзоркавым гатэлі, Вольга адказала:
(Вольга: ) "Якая зорнасьць? Калі параўнаць гатэлі сеткі "Мariott" у Маскве і тут, то гэты гатэль проста прымітыўны. Звычайныя нумары, ёсьць толькі самае элемэнтарнае. У бальшыні нумароў няма гарачай вады. Нічога лішняга дазволіць сабе не маглі. На Вялікдзень не было нават яйка, бо яешня з хлебам каштуе 12 даляраў. Менавіта ў гатэлі харчаваньне вельмі дарагое. На вуліцу не выпускалі, бо краіна цалкам крымінальная. Сярод забаваў былі толькі шматлікія выбары, за якімі мы сачылі ў сваіх нумарах. Усё тут робіцца вельмі марудна; людзі жывуць чарапахавымі тэмпамі, а можа, яшчэ больш марудна".
А вось сваякі пілётаў нават цяпер ня могуць да канца паверыць, што тыя ўжо заўтра зьявяцца дома. Абяцаньні хутка разабрацца ў сытуацыі давалі і кіраўнікі Дзяржкамавія, і прадпрыемства "Гомельавія". Маці камандзіра экіпажу Аляксея Піскуліна, Алена Васільлеўна, тым часам абураецца непераборлівасьцю кіраўнікоў галіны, якія дзеля імгненнай выгады згаджаюцца на авантурныя прапановы:
(Піскуліна: ) "Няхай мы ня ведалі, лётчыкі ня ведалі, куды ляцяць і навошта. Але ж кіраўніцтва павінна было насьцярожыцца, бо гэта праблемная краіна. Але дырэктар, які падпісваў кантракт, звольніўся — хапанулі як сьлед і разьбегліся. Толькі праз колькі дзён сказалі, што здарылася такая гісторыя з заказчыкам. Як так наагул можа быць? У такую далеч адправіць самалёт, ведаючы, што заказчык ненадзейны? Няхай я далёкая ад гэтага, але разумею, што ўсё гэта падман: якія зь Нігерыі турысты зьбіраліся сюды ляцець, што яны забыліся ў Беларусі? Няўжо ўсё зроблена не адмыслова? Чым больш трымаць самалёт, тым больш за яго трэба плаціць! Зараз увесь экіпаж зноў застанецца без заробку, бо будуць вылічваць за ўсё. Не заплацяць ні сутачных, ні камандзіровачных, адседзелі людзі за проста так... Я ня ведаю, што гэта будзе: хоць бы назад жывыя-здаровыя вярнуліся".
Хто пакуль ня ўбачыць Беларусь, дык гэта сотня нігерыйскіх турыстаў, якія, мяркуючы па ўсім, мусяць шукаць іншыя шляхі падарожжа ў далёкую краіну.