Сёлетняя сяўба ідзе зь вялікім спазненьнем з прычыны надвор’я. Гэтым абгрунтоўваюцца чарговыя надзвычайныя захады ўраду. Зноў, як у савецкія часы, сельская гаспадарка пераўтвараецца ў асобны фронт, справаздачы зь месцаў і загады А. Лукашэнкі гучалі сапраўды па-вайсковаму. Ён загадаў купляць камбайны і тэхніку толькі айчыннай вытворчасьці. Як заявіў віцэ-прэм’ер Аляксандр Папкоў, на барацьбу за тэрміны сяўбы і догляду расьлін кінутая “ўся моц наземнай тэхнікі і сельскагаспадарчая авіяцыя”. А. Лукашэнка загадаў скончыць сяўбу збожжавых “да сьвята вялікай перамогі – 9 траўня”.
Нядаўняя вайна ў Іраку адбілася і на беларускай пасяўной кампаніі,– заявіў А. Лукашэнка:
(Лукашэнка: ) “І наступствы гэтай вайны мы адчуваем на сабе — я папярэджваў: чужой вайны ў гэтым цесным сьвеце, у якім мы жывем, не бывае, гэтая вайна абавязкова пацягне за сабой пэўныя наступствы і для нашай эканомікі. У гэтым выпадку была ліхаманка па энэрганосьбітах, цэны на нафту і газ былі празьмернымі ў сьвеце”.
Адметнасьць сёлетняй сяўбы ў тым, што, згодна з задачамі, пастаўленымі Лукашэнкам, будзе спыненая ўся незваротная дапамога сельскагападарчым прадпрыемствам, якія “дзяржава цягнула на сваіх плячах апошнія 10 гадоў”. Самыя неэфэктыўныя зь іх, а гэта чвэрць усіх калгасаў, як заявіў А. Лукашэнка, ужо цяпер ня будуць цікавіць урад. Не атрымаюць паліўнага крэдыту тыя гаспадаркі, якія не разьлічыліся за леташнюю пазыку. Зьвяртаючыся да старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму Васіля Даўгалёва, А. Лукашэнка сказаў:
(Лукашэнка: ) “Якой вы яшчэ дапамогі просіце. Вы мне залезьлі, ня мне, а дзяржаве залезьлі ў кішэнь у мінулым і пазамінулым гадах, абяцалі вярнуць, але да гэтага часу ў гэтую кішэнь не вярнулі грошай, і кажаце: а ну, Лукашэнка, даставай зь іншай кішэні і давай мне. Адказ адназначны: пакуль ня ўвойдзеце ў графік, грошай ня будзе. Усё мужыкі, усё, дурніца, як сяляне кажуць, закончылася, і вы, Васіль Барысавіч, як чалавек перадавых поглядаў ня стаўце перада мной гэтыя нярынкавыя пытаньні”.
Час жорсткі – так рэзюмаваў А. Лукашэнка свае новыя падыходы. Прызнаючы, што мінулай зімой вымерзла каля 10% азімых культур, Лукашэнка сказаў, што дзяржаўнай дапамогі на аднаўленьне пасеваў ня будзе. Галоўная праблема на сёлетняй пасяўной – паліва. Фіксаваныя кошты на дызпаліва вырасьлі болей чым у два разы. У гаспадарак ёсьць толькі каля трэці ад патрэбнага аўтамабільнага і трактарнага паліва. “Белнафтахім” неабгрунтавана ўзьняў цэны на паліва, якое вырабляецца зь беларускай нафты, – заявіў віцэ-прэм’ер А. Папкоў. А. Лукашэнка загадаў неадкладна разабрацца з гэтым кіраўнікам сваёй адміністрацыі і Камітэту дзяржкантролю.
Беларуская сельская гаспадарка ў заняпадзе. Зараз выгадней купіць расейскае збожжа, чым датаваць сваё – расейскае таньней у 1,5 – 2 разы, – прызнаў А. Лукашэнка. Гаспадарчыя задачы ён перавёў у разрад вострых палітычных праблем:
(Лукашэнка: ) “Мы павінны гэта ўсё аднавіць, тым болей пры такім супрацьстаяньні нашых дамарослых сьвядомых, якія за амэрыканскія грошы дэмакратыю нам сюды вязуць разам з амэрыканцамі, процістаяньні з боку іншых дзяржаваў. Нам кроў з носу трэба выстаяць, калі мы хочам нармальна жыць”.
Пасля шматлікіх крытычных заяваў і распараджэньняў у якасьці прымірэнчага жэсту Лукашэнка дазволіў вяскоўцам на праваслаўны Вялікдзень працаваць у полі толькі паўдня і паабяцаў, што ня будзе рабіць традыцыйны кантрольны аблёт палеткаў на сваім пэрсанальным гелікоптэры.