Знойдзены на мінулым тыдні ў Багдадзе дакумэнт з Барысаўскага танкарамонтнага заводу, у якім пералічаліся паслугі гэтага прадпрыемства ў тэхнічным забесьпячэньні танкаў і падрыхтоўцы адмыслоўцаў, выклікаў вялікую ўвагу ў Беларусі. За апошнія дні да гэтай тэмы зьвярталіся ўсе незалежныя палітычныя выданьні краіны і буйныя мэдыі суседніх дзяржаваў. А вось што да афіцыйных крыніцаў краіны, падобна, яны вырашылі праблему замоўчваць.
Гэтак, калі ўчора журналістам удалося атрымаць кароткі камэнтар начальніка бранятанкавай ўправы Міністэрства абароны палкоўніка Рычэнкі, то сёньня прэсавая служба вайсковага ведамства даваць камэнтары адмаўляецца. Гэткую ж пазыцыю занялі і ў прэсавай службы Рады Бясьпекі, якая курыруе абаронныя пытаньні, ў тым ліку і гандаль зброяй. Спаслаўся на занятасьць і адмовіўся абмяркоўваць балючую тэму і кіраўнік парлямэнцкай камісіі нацыянальнай бясьпекі Барыс Бякінін.
У неафіцыйных размовах дзяржаўныя асобы прызнаюцца, чаму яны ўтрымліваюцца ад камэнтароў: маўляў, таму, што няма пэўных доказаў знаходжаньня гэтага дакумэнта ў сэйфе базы Нацыянальнай гвардыі Іраку. "Калі б амэрыканскі бок прадставіў пратакол выемкі дакумэнтаў з ірацкага сэйфу, тады была б іншая рэч. А так пра што размаўляць?" — пашчыраваў адзін з суразмоўцаў.
Між тым, беларускія апазіцыйныя палітыкі схільныя лічыць знойдзены ў Багдадзе дакумэнт сапраўдным. Аднак што да сапраўднасьці вайсковага супрацоўніцтва Менску з Багдадам, тут меркаваньні разышліся. Лідэр партыі "Народная Грамада" Мікалай Статкевіч на баку тых, хто падазрае беларускі рэжым:
(Статкевіч: ) "Ірацкаму рэжыму было не да таго, каб падстаўляць Барысаўскі рамонтны завод і разам зь ім беларускі рэжым, тым больш падчас вайны. Такім чынам, верагоднасьць нейкай правакацыі супраць Беларусі я лічу вельмі малой".
Мікола Статкевіч згадаў 2001 год, калі мэдыям Беларусі стала вядома пра навучаньне ў вайсковай акадэміі ірацкіх адмыслоўцаў супрацьпаветранай абароны. Ён асабіста бачыў дакумэнты, якія пацьвярджалі гэтае супрацоўніцтва і таму не выключае, што тое самае магло паўтарыцца ў танкавай справе:
(Статкевіч: ) "Тэарэтычна гэта можа быць, але калі гэта праўда, то для Беларусі будзе вельмі дрэнна. І тады атрымоўваецца, што намі кіруюць неадэкватныя, безадказныя людзі".
Кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч ня думае, што нейкія спэцслужбы падрабілі ды падкінулі журналістам знойдзены ў Багдадзе дакумэнт. Паводле ягоных назіраньняў, дакумэнт падобны на сапраўдны. Вэрсію, што супраць беларускіх фірмаў, якія легальна супрацоўнічалі з Іракам, дзейнічаюць іх канкурэнты, каб выбіць з ірацкага рынку, ён называе сьмешнай. Тады застаецца вэрсія, што беларуская кампанія сапраўды мела дачыненьне да супрацоўніцтва з ірацкай нацыянальнай гвардыяй, але дзеянічала яна ў кампаніі зь нейкімі расейскімі структурамі:
(Гайдукевіч: ) "Мяркую, гэта магчыма толькі праз Расею, толькі празь нейкія сумесныя структуры. Але каб беларускае кіраўніцтва самастойна пайшло на забаронены гандаль зброяй з Іракам, на гэта іх ня хопіць. Ня веру ў гэта".
Міжнародны каардынатар "Хартыі-97", былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў не выключае, што неўзабаве зьявяцца іншыя доказы забароненага супрацоўніцтва Беларусі з Іракам. Паводле Андрэя Саньнікава, гэта будзе дрэнным сыгналам для Аляксандра Лукашэнкі, але карысным для беларускага народу, які павінен ведаць, чым ад яго імя займаецца кіраўніцтва краіны. Андрэй Саньнікаў выказаўся за тое, каб з падобнымі фактамі разьбіраліся міжнародныя структуры.
(Саньнікаў: ) "Мяркую, гэта трэба вывучыць ў Радзе Бясьпекі ААН. Зараз, як мы бачым, і Расея, і Нямеччына з Францыяй настойваюць на вяртаньні ірацкага пытаньня ў галіну ААН, ў Раду Бясьпекі. Менавіта там павінны вывучыць факты парушэньняў эмбарга ААН".