Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“SUEDDEUTSCHE ZEITUNG”: “ЛУКАШЭНКА ЗАСТАЕЦЦА Ў ІЗАЛЯЦЫІ”


Ул. інф.

У сваёй імпэрыі прэзыдэнт Лукашэнка заўсёды асабіста вырашае самыя адказныя справы. Гэты тычыцца і пляну “Чыстае неба”, які нядаўна падпісаў беларускі кіраўнік. Калі чытачы “Sueddeutsche Zeitung” вырашылі, што размова ідзе пра нейкую экалягічную акцыю, то яны памыліся. “Чыстае неба” – назва вайсковых манэўраў, якія мусяць быць праведзеныя ў кастрычніку паводле “ірацкага сцэнару”. Паводле беларускага лідэра, ягоная краіна мусіць вучыцца рэагаваць на буйнамаштабныя напады моцнага ворага. “Беларусь мусіць трымаць порах сухім”, – заявіў Лукашэнка ў часе сустрэчы ў парлямэнце і дадаў, што ягоная краіна мае звычайную зброю, якая нават на значнай алегласьці можа нанесьці сур’ёзны ўдар па праціўніку.

Што да нападу з боку ЗША, то яго беларускі дыктатар можа не асьцерагацца. Лукашэнка, дарэчы, добра гэта разумее, аднак, тым ня менш, упэўнены, што ня ўсе беларускія грамадзяне ведаюць пра гэта. “Лукашэнка імкнецца пасеяць страх сярод насельніцтва”, – гаворыць у інтэрвію “Sueddeutsche Zeitung” дырэктар незалежнагнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Алег Манаеў. У 1999 годзе ў часе ваеннага канфлікту на Балканах Лукашэнку з дапамогай антызаходняй рыторыкі ўдалося стварыць сабе імідж вернага абаронца Айчыны, якую вось-вось напаткае лёс Югаславіі. Сёньня, паводле беларускага дасьледчыка, гэта ня надта атрымліваецца. Падтрымка прэзыдэнта з боку насельніцтва становіцца ўсё больш нізкай.

Паводле “Sueddeutsche Zeitung”, галоўную ролю ў лукашэнкавай сістэме ўтрыманьня ўлады адыгрывае кантроль над эканомікай. Беларускаму лідэру ўдалося стварыць надзвычай складаную сетку кіраваньня, якая нават пры самым нізкім эканамічным узроўні гарантуе яму самому ўладу, а насельніцтву –сацыяльную абарону. Хаця, – піша аглядальнік, – апошнім часам гэтая сетка ірвецца пад напорам надзвычай уплывовых асобаў – з Расеіі.

“Калі эканамічная ўлада пачне выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі, то ён узмоцніць палітычныя рэпрэсіі”, – лічыць бэрлінскі аналітык Гайнц Тымэрман з Фонду навукі і палітыкі. Паводле дасьледчыка, апошнім часам падобных прыкметаў становіцца ўсё болей. Дзясяткі беларускіх апазыцыянэраў былі затрыманыя на пачатку красавіка за тое, што бралі ўдзел у праамэрыканскіх дэманстрацыях. Як лічыць Тымэрман скасаваньне візавых санкцыяў можна разглядаць як пэўны знак разрадкі, аднак, тым ня менш, яго ня трэба перабольшваць. Нягледзячы на тое, што і Брусэль, і Вашынгтон адмянілі візавыя санкцыі для Лукашэнкі і 14 адказных менскіх чыноўнікаў, і эўрапейцы, і амэрыканцы па-ранейшаму незадаволеныя сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Шэраг амэрыканскіх сэнатараў прапанавалі на разгляд адмысловы “Акт пра дэмакратыю ў Беларусі”. У выніку беларуская апазыцыя можа атрымаць істотную фінансавую дапамогу з боку ЗША.

Як перасьцерагае Гайнц Тымэрман, ня выключана, што падобныя захады прынясуць прапагандысцкі посьпех Лукашэнку. Беларускі аналітык Манаеў таксама лічыць, што тыя апазыцыянэры, якія атрымаюць амэрыканскія даляры, будуць адразу ашальмаваныя як слугі чужых гаспадароў. Аднак, паводле дасьледчыка, пазытыўныя наступствы ўсё ж больш важкія за нэгатыўныя.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG