Падставай для гэтай заявы сталася паведамленьне карэспандэнта Радыё Свабода Рона Сынавіца аб тым, што падчас баявых дзеяньняў у Іраку ў сэйфе аднаго з афіцэраў рэспубліканскай гвардыі быў знойдзены факс на рускай мове, на якім стаіць подпіс начальніка 140-га рамонтнага заводу з Барысава палкоўніка Ўладзімера Сакача. У дакумэнце ўтрымліваюцца прапановы аб мадэрнізацыі танкавай тэхнікі і навучаньні ваенных спэцыялістаў.
У інтэрвію “Інтэрфаксу” начальнік бранятанкавага ўпраўленьня Міністэрства абароны палкоўнік Леанід Рычэнка заявіў, што гэты факс “зьяўляецца фальшыўкай” і што Сакач, нібыта, ня мог накіроўваць у Ірак ніякія лісты, бо “140-ы завод мае свае замежнагандлёвыя сувязі толькі праз спэцэкспартэраў”.
З нашай інфармацыі, аднак, вынікае, што факс і не накіроўваўся з Барысава ў Ірак, ён быў дасланы на імя пасярэдніка – Уладзіслава Рачкевіча. Як мы ўстанавілі, Уладзіслаў Рачкевіч – кіраўнік беларуска-швайцарскай фірмы “Сыстэмнае кіраваньне бізнэсам”. Спадар Рачкевіч наведваў Ірак некалькі разоў у якасці экспэрта, аднак і ён у інтэрвію нашаму карэспандэнту сказаў, што згаданы дакумэнт бачыць упершыню і лічыць яго сфабрыкаваным.
Радыё Свабода атрымала копію гэтага дакумэнта ад свайго карэспандэнта Рона Сынавіца, які быў прыкамандзіраваны да 3-й пяхотнай дывізіі ЗША, якая ўдзельнічала ў баях за Кэрбэлу і Багдад. Вось што гаворыць Рон Сынавіц на пярэчаньне, што дакумэнт можа быць падробкай.
(Сынавіц: ) “Тут важна ўлічваць, дзе гэты ліст быў знойдзены. На базе, дзе быў знойдзены ліст, якраз і знаходзілася ваенная тэхніка і запчасткі да яе. А ў лісьце менавіта і вядзецца пра рамонт ваеннай тэхнікі. Няўжо рэспубліканская гвардыя падрабіла блянк беларускага ваеннага заводу, падрабіла на расейскай мове, і наўмысна пакінула гэты ліст ў сэйфе, каб амэрыканцы знайшлі яго? Дарэчы, у гэтым жа пакоі былі валізкі і зь іншымі дакумэнтамі, выглядала, што іх склалі, каб забраць, але відаць, у іракцаў не хапіла часу іх забраць”.
Варта зьвярнуць увагу на сёньняшнюю публікацыю ў расейскай газэце “Известия”, якая правяла сваё расьследаваньне інфармацыі з крыніцаў Радыё Свабода. “Известия” спасылаюцца на Радыё Свабода як крыніцу інфармацыі і пераказваюць зьмест дакумэнта, знойдзенага ў сэйфе афіцэра ірацкай нацыянальнай гвардыі. Нейкай расейскай афіцыйнай рэакцыі на гэтыя сканадальныя матэрыялы дагэтуль няма. У той жа час, адзначае газэта, нельга не заўважыць, што нагэтулькі цеснае супрацоўніцтва бліжэйшага саюзніка Расеі з Садамам ня можа не падрываць у цэлым пазыцыю Масквы ў справе ірацкага ўрэгуляваньня. “Известия” папрасілі пракамэнтаваць інфармацыю Радыё Свабода Аляксандра Кацёлкіна, былога генэральнага дырэктара кампаніі “Росвооружение”. На ягоную думку, нічога большага за шрубку незаўважна прадаць у Ірак немагчыма. Што да патэнцыялу Беларусі ў галіне гандлю зброяй, то Кацёлкін кажа, што сучасных узбраеньняў, якія можна кваліфікаваць як чацьвёртае пакаленьне, у яе няма, а трэцяга пакаленьня – мізэр, усё даўно распрададзена.
“Известия” таксама звярнуліся да галоўнага інжынэра Барысаўскага рамонтнага заводу Мікалая Русанава. Ён прызнае, што прадпрыемства ўваходзіць у лік найбуйнейшых экспартэраў зброі ў краіне, Тут могуць усталяваць на танкі разнастайныя мінныя тралы, могуць навучаць і кансультаваць спэцыялістаў, але, паводле словаў Русанава, ён нічога ня чуў пра ліст дырэктара заводу на адрас спадара Рачкевіча, а таксама ні пра якія пастаўкі ў Ірак.
Сёньня ў інтэрвію БелаПАН дырэктар Барысаўскага танкарэмонтнага заводу Ўладзімер Сакач заявіў, што расцэньвае паведамленьне пра сувязі заводу з Іракам як спробу скампрамэтаваць гэтае прадпрыемства. Пры гэтым, паводле словаў Сакача, “дзесьці ідуць нейкія інтрыгі, і хутчэй за ўсё, што яны ідуць тут, у Беларусі, а не па-за яе межамі”. Уладзімер Сакач прызнаў, дарэчы, што подпіс на факсе падобны на ягоны, аднак ён лічыць, што подпіс мог быць нейкім чынам зьняты зь іншага дакумэнту і падстаўлены на факс.