Паводле афiцыйнай iнфармацыi, сустрэча мiнiстраў абароны Беларусi i Ўкраiны ёсьць працягам ранейшых кантактаў кiраўнiкоў ваенных ведамстваў дзьвюх дзяржаваў. У прыватнасьцi, летась у верасьнi Леанiд Мальцаў i Ўладзiмер Шкiдчанка падпiсалi ў Кiеве дамову аб стварэньнi мiжурадавай камiсii вайскова-тэхнiчнага супрацоўнiцтва.
Паводле зьвестак Мiнiстэрства абароны Беларусi, у Берасьцi мiнiстры абмяркоўвалi супрацоўнiцтва ў галiне супрацьпаветранай абароны i ваенна-паветраных сiлаў. Гэтая тэма набыла актуальнасьць у сувязi з намерамi беларускiх уладаў правесьцi сёлета маштабныя ваенна-паветраныя вучэньнi, пра што абвесьцiў Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня авiязаводу ў Баранавiчах.
Беларускi бок разьлiчвае на тое, што ўкраiнцы дапамогуць у рамонце i мадэрнiзацыi зэнiтных ракетных комплексаў “Тунгуска” i “Оса”, а таксама рэактыўных сыстэмаў залпавага агню “Град”. Акрамя таго, Беларусь зацiкаўленая ў сумесных з украiнскiм бокам праектах па рамонце вайсковай авiяцыйнай тэхнiкi.
Паводле вэрсii прадстаўнiкоў украiнскага мiнiстэрства абароны, на сустрэчы таксама абмяркоўвалiся пытаньнi супрацоўнiцтва дзьвюх дзяржаваў з блёкам НАТО i шляхi рэфармаваньня ўзброеных сiлаў.
Паколькi сустрэча мiнiстраў названая рабочай, усе заплянаваныя мерапрыемствы адбывалiся за зачыненымi дзьвярыма. Але адзiн з адказных супрацоўнiкаў Мiнiстэрства абароны пагадзiўся пракамэнтаваць iнфармацыю пра знойдзеныя ў Багдадзе дакумэнты, што сьведчаць пра ваенныя кантакты Беларусi з Iракам падчас кiраваньня Садама Хусэйна. Размова iдзе пра факс з Барысаўскага рамонтнага заводу, дзе паведамляецца пра гатоўнасьць беларускага боку навучаць iрацкiх адмыслоўцаў у справе рамонту вайсковай тэхнiкi й дапамагчы з абсталяваньнем для расчысткi мiнных палёў.
Чыноўнiк зь Мiнiстэрства абароны Беларусi, якi не пажадаў сябе назваць, лiчыць паходжаньне гэтага дакумэнта “вельмi сумнеўным”. Паводле ягоных словаў, у 2001 годзе, якiм пазначаны гэты факс, супраць Iраку ўжо былi прымененыя мiжнародныя санкцыi, а таму выканаць умовы, пра якiя iдзе гаворка, фактычна было немагчыма. Што да навучаньня iрацкiх ваенных адмыслоўцаў, дык прадстаўнiк Мiнiстэрства абароны лiчыць, што “хтосьцi штосьцi пераблытаў” i абверг зьвесткi пра шчыльнае супрацоўнiцтва Беларусi з Iракам у гэтым кiрунку.