Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАВІННЫ Ў ЦЭНТРАХ ГАРАДОЎ БЕЛАРУСІ ЗАСТАВАЦЦА ПОМНІКІ ЛЕНІНУ?

Галіна Абакунчык, Менск

Многія сярод апытаных — асабліва людзі сталага веку, якія яшчэ не забыліся савецкую ідэалёгію, казалі, што ня супраць, каб шматлікія бронзавыя, гранітныя і бэтонныя Ільлічы па-ранейшаму заставаліся на сваіх месцах.

(Спадарыня: ) “Я чалавек старэйшага пакаленьня, і для мяне гэта памяць. Лічу, што ў Беларусі гэтыя помнікі павінныя заставацца”.

(Спадар: ) “Помнік Леніну стаяў — ну й няхай стаіць. Гэта ж нашае мінулае, нашая гісторыя. Мне ён не перашкаджае”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што як быў помнік, то няхай ён і будзе. Можна па-рознаму да яго ставіцца, але тое, што зроблена, ня трэба бурыць. Няхай будзе ўсё, як ёсьць”.

Падобнага ж меркаваньня, як ні дзіўна, трымаюцца таксама і людзі студэнцкага веку. Але іх разважаньні пра асобу Ільліча як “найвялікшую ў гісторыі Беларусі” даюць зразумець, што ў школах і студэнцкіх аўдыторыях моладзі ізноў навязваюць догмы старой савецкай ідэалёгіі.

(Дзяўчына: ) “Я лічу, што помнікі Леніну павінныя заставацца ў нашых гарадах, таму што гэты чалавек у свой час зрабіў вялікі ўнёсак у разьвіцьцё нашай дзяржавы. Таму лічу, што і ў наш час яму павінна аддавацца належная даніна”.

(Юнак: ) “Зносіць іх ня трэба. Навошта? Гэта ж сымбаль толькі чалавека, і на сёньняшнюю нашую ідэалёгію не ўплывае”.

(Юначка: ) “Гэта гістарычная мінуўшчына. Яны стаяць, і зносіць іх не патрэбна. Ідэалягічную аснову яны згубілі амаль што назаўсёды”.

Частка маіх выпадковых суразмоўцаў згодная пакінуць помнікі Леніну ў гарадах Беларусі, але пры пэўных умовах.

(Спадар: ) “Частка зь іх павінна застацца — асабліва тыя, якія маюць мастацкую каштоўнасьць. А частка павінна быць зьнесеная”.

(Спадар: ) “Помнікі — як адзін з напрамкаў разьвіцьця цывілізацыі, яны могуць быць”.

(Спадар: ) “Я ня ведаю, але ў многіх краінах ёсьць помнікі нават вельмі адыёзным асобам. І самае важнае ў гэтым — стаўленьне да помніка. Ніхто не забараняе тлумачыць дзецям, што гэты дзеяч прынес шмат ахвяраў і гэтак далей”.

Частка людзей выказвала меркаваньне, што помнікам Леніну ў Беларусі ня месца.

(Спадар: ) “Помнікаў Леніну ў Беларусі не павінна быць. Бо камуністычная ідэалёгія не для людзей, а Ленін яе прапагандаваў”.

(Спадар: ) “Помнікі Леніну павінныя стаяць на ягонай магіле і больш нідзе. Ёсьць ужо такія месцы ў іншых краінах, дзе яны звозяцца ў адно месца. Каму цікава, той можа прыйсьці і паглядзець”.

(Спадар: ) “Такая колькасьць помнікаў — маразм. Тым больш у Беларусі, палову якой Ленін аддаў Польшчы. Няма яму месца ў Беларусі”.

Гэта былі меркаваньні мінакоў на вуліцах Менску пра помнікі Леніну ў цэнтрах беларускіх гарадоў.
XS
SM
MD
LG