Зьвесткі пра катаваньні, якіх выкарыстоўвалі людзі, верныя Хусэйну, пачалі масава паступаць ад ахвяраў рэжыму адразу пасьля адхіленьня дыктатара ад улады. Адным з тых, хто разказаў пра мэтады, ужываныя ірацкімі спэцслужбамі, быў 26-гадовы Алі. Невысокі, з вусамі і коратка пастрыжанымі валасамі, звычайна апрануты, Алі не выглядаў на ката і нічым не адрозьніваўся ад звычайных людзей на вуліцы. Ён расказаў, што ў 1994 годзе, яшчэ будучы студэнтам, ён вырашыў запісацца да фэдаінаў, сілаў бясьпекі, якімі кіраваў сын Хусэйна – Удай. “Я крайне не любіў вучобу і сьпярша хацеў паступіць у армію. Аднак там дрэнна плацілі, а служба ў аддзелах фэдаінаў была прэстыжнай і прывабнай. Дарэчы, Удай вельмі дбаў пра сваіх падначаленых.
Паводле аповеду Алі, ён прайшоў агулам 32 курсы, працягласьцю ад месяца да двух гадоў, у часе якіх знаёміўся з рознымі відамі зброі і тэхнікамі забіваньня. Фэдаіны мелі падрыхтоўчы лягер у Кварэа недалёка ад Багдаду, што пазьней, пасьля яго захопу, пацьвердзілі сілы ЗША. У 1996 годзе Алі быў выбраны ў склад 18-асабовага эскадрону фэдаінаў, званага “штатам”, прызначанага для спэцзаданьняў. Алі атрымліваў прыстойныя, як на ірацкія ўмовы заробкі – 150 тысячаў ірацкіх дынараў у месяц (70 даляраў), а таксама дадаткі і прэміі за добрыя вынікі. Алі кажа, што дзякуючы службе ў фэдаінах ён карыстаўся шматлікімі прывілеямі, а спэцыяльны значок фэдаіна з профілем Хусэйна адкрываў любыя дзьверы ў Багдадзе.
Паводле паказаньняў самога Алі, цягам амаль дзясяцігодзьдзя ён забіваў апазыцыйных дзеячоў, пераломліваў хрыбты тым, хто абвінавачваўся ў неляяльнасьці да рэжыму, адрэзваў ахвярам языкі, пальцы, рукі і нават галовы. Адрубленыя галовы, а таксама відэазапісы з акцыі фэдаіны былі абавязаныя паказваць Удаю ў якасьці доказу, што выканалі заданьне. “Няважна, ці нехта быў вінаваты, ці невінаваты. Мы павінны былі гэта зрабіць. Гэтыя людзі былі супраць Садама Хусэйна, і калі нам загадвалі пакараць іх, мы выконвалі загад”. Аднойчы, пару гадоў таму, група Алі атрымала загад забіць шыіцкага лідэра ў Кэрбэле. Калі аказалася, што той быў з аховай, дык забілі таксама чатырох або пяцёх ахоўнікаў, адрэзалі клірыку галаву і прывезьлі ў Багдад. Іншым разам эскадрон атрымаў заданьне зьнішчыць крымінальную групоўку, якая займалася гандлем жанчынамі, і забіў 39 чалавек.
Алі разказаў, што акрамя сьмяротнага пакараньня, існавала цэлая шкала розных катаваньняў. Злодзею адрэзвалі пальцы або рукі. Калі нехта схлусіў, яму пераломлівалі хрыбет бэтоннай плітой. Інфарматарам, якія далі недакладную інфармацыю, піхалі ў рот распаленае жалеза, а дэзэртырам з арміі адразалі вушы. Калі адзін з фэдаінаў асьмеліўся пажартаваць з Удая, яму адрэзалі язык, а іншаму, які ня выканаў загад, адрэзалі пальцы. Алі падрабязна апісаў, як затрыманым вырывалі абцугамі або адрэзвалі языкі.
Алі разказаў амэрыканскім журналістам тое, што ён хаваў нават перад жонкай і бацькамі, але ягоны аповед гучэў праўдападобна. Ён паказаў журналісту свой чорны мундыр фэдаіна і маску і апісаў свой значок фэдаіна, які ён спаліў пасьля ўваходу амэрыканцаў у Багдад. Пра свае ўчынкі ён разказваў без самахвальства, але і без шкадаваньня. “Я выконваў загады”, – падкрэсьліваў ён. На пытаньне, як ён адчуваў сябе будучы памагатым рэжыму, які ён сам называе злым, Алі толькі паціснуў плячыма: “Нармальна. Мне гэта адпавядала”.
Руплівы фэдаін, пра якога піша Пітэр Бэйкер на старонках “Washington Post”, усё ж пасьля настойлівых пытаньняў выказвае некаторае раскаяньне і жаданьне пачаць іншае жыцьцё. Ён спадзяецца, што Бог даруе яму ягоныя ўчынкі і што ягоны сын вырасьце на добрага чалавека. Ён задаволены, што Удая і Хусэйна ўжо няма. “Удай быў ідыётам і злым чалавекам. Мне не шкада яго, і больш не хачу яго бачыць. Як, дарэчы, не шкада і Хусэйна”.