Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯНЭРА ВАЛЕРЫЯ ШЧУКІНА СПРАБУЮЦЬ ВЫСЕЛІЦЬ З ПОЛАЦКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Абласная судовая калегія распачала сёньня разгляд касацыйнае скаргі Валерыя Шчукіна, ня згоднага з рашэньнем Полацкага гарадзкога суду, паводле якога ён мусіць выселіцца з інтэрнату аграэканамічнага каледжу. Сваё высяленьне спадар Шчукін наўпрост зьвязвае з уласнай палітычнай дзейнасьцю, і ў прыватнасьці, з удзелам у мінулай выбарчай кампаніі, калі ён выказаў намер балятавацца ў дэпутаты Полацкага гарсавету.

У той самы дзень, як Валеры Шчукін падаў быў заяву пра рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, ягоны патэнцыйны супернік, дырэктар агратэхнічнага каледжу Ўладзімер Дзюбо падаў заяву ў суд з мэтаю выселіць канкурэнта з падведамаснага інтэрнату. І суд задаволіў ягоную скаргу, прызнаўшы сам факт засяленьня апазыцыянэра ў полацкі інтэрнат незаконным.

Дарэчы, у гэтым інтэрнаце спадар Шчукін прапісаўся 7 гадоў таму, калі ён быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня ды пажадаў быць бліжэй да сваіх выбарцаў. З тае пары сваю палітычную дзейнасьць ён зьвязвае з гэтым горадам, і намеры выселіць яго ды пазбавіць полацкай прапіскі лічыць сьвядомым жаданьнем уладаў пазбавіцца і ад яго самога.

(Шчукін: ) “Я не ўваходжу ні ў адну партыю, і таму балятавацца вымушаны выключна па месцы жыхарства. А па месцы жыхарства, у Полацку, чалавек, які мае значны палітычны досьвед, уладам не патрэбны. І таму яны робяць усе захады, каб выселіць мяне з Полацку”.

Абласная судовая калегія, адрозна ад Полацкага гарадзкога суду, не прыняла сёньня адназначнага рашэньня. Справа Валерыя Шчукіна будзе дасьледаваная ды канчатковы вырак будзе пазьней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG