Аўтарам камунальнага графіці можна лічыць начальніка абанэнцкага аддзелу прадпрыемства “Гомельводаканал” Івана Хаміцэвіча. Ён, праўдападобна, першым даў каманду кантралёрам пісаць на дзьвярах крэйдай: “Доўг за ваду!” Іншым разам нават з указаньнем сумы запазычанасьці.
(Хаміцэвіч: ) “Пішам на дзьвярах, каб суседзі чыталі, і каб ім сорамна было. Гэта вельмі эфэктыўная мера. Сорам праймае многіх, і яны тады бягуць плаціць”.
Аднак навіна нярэдка выклікае канфлікты. На вуліцы Партовай у доме №8А інвалід другой групы Ўладзімер Сільчанка, заўважыўшы надпіс на сваіх дзьвярах, пагражаў кульбакаю расправіцца з жанчынай-кантралёрам. Надпіс абразіў інваліда. Пэнсіі не хапае на пражытак, а жонцы, якая працуе ў аб’яднаньні “Гомсельмаш”, заробак плацяць нерэгулярна. Таму і ўтварыўся доўг. “Водаканалу”, каб не дапусьціць бойкі, давялося пасылаць на падмогу кантралёру інжынэра.
Зрэшты, у абласным цэнтры своечасова не аплачваюць спажываньне вады 3,5 тысячы гаспадароў кватэраў. Агульны доўг дасягнуў 90 мільёнаў. Але яшчэ большыя праблемы ствараюць прадпрыемствы. Да прыкладу, адзін радыёзавод не сплаціў за ваду 500 мільёнаў рублёў. А ўсяго прадпрыемствы гораду завінаваціліся “Водаканалу” больш за два з паловай мільярду.
Колькасьць неплацельшчыкаў асабліва павялічылася ў рэгіёне пасьля шматразовых падвышэньняў платы, і ня толькі за ваду, але і іншыя камунальныя паслугі.
У Жыткавічах ня сталі пісаць людзям на дзьвярах пра даўгі, а адвялі ледзь ня цэлую старонку ў мясцовай газэце “Новае Палесьсе”. Тут зьмясьцілі прозьвішчы і адрасы амаль двухсот неплацельшчыкаў за кватэры і камунальныя паслугі, якія не разьлічваюцца тры і болей месяцаў.
Падобны мэтад, дарэчы, прымяняюць у Добрушы ды іншых райцэнтрах. Праўда, у такіх сьпісах я ніколі ня бачыў, дзе працуюць даўжнікі і колькі часу ім затрымліваюць заробак.