У мястэчку Ільля, што на Вялейшчыне, помнік Леніну зьнік з цэнтральнай вуліцы і знайшоў прытулак на школьным падворку. Як паведаміла настаўніца гісторыі Людміла Маркевіч, “правадыр” апынуўся тут выпадкова:
(Маркевіч: ) “Прывезьлі. У 87-м яшчэ не было”.
Як высьветлілася, насамрэч ільлянскі Ленін “школьную прапіску” атрымаў пасьля распаду СССР. Частка местачкоўцаў запатрабавала дэмантажаваць помнік. Прыгадвае старшыня выканкаму Ільлянскага сельсавету Галіна Кутас:
(Кутас: ) “Як ён аказаўся ў школе? Мы яго туды перадалі як музэйны экспанат. Ён стаяў, гэты помнік, тут у цэнтры ў сквэры. У якім годзе было? Я ў 1988 годзе прыйшла на працу, і таму, здаецца, гэта было ў 90-м. І я кажу: вазьміце ж гэты помнік, захавайце, бо не разьбіваць жа яго. Там на мяне яшчэ лісты пісалі розныя”.
Прынамсі, большасьць ільлянцаў ухваліла тагачаснае рашэньне сельсавету пра знос помніка, бо ён перашкаджаў рэканструкцыі цэнтру старадаўняга мястэчка. Школа прыняла Леніна безь вялікага жаданьня, але рашэньне сельсавету не аспрэчвала. Каменную постаць камуністычнага правадыра, як зазначыў загадчык школьнай гаспадаркі Ўладзімер Гаўрылік, пакінулі ў спакоі:
(Гаўрылік: ) “Навошта ламаць ды траціць на гэта грошы? Вызываць кран ды ламаць — дзеля чаго? Гэта лішнія выдаткі. Хай сабе стаіць”.
(Карэспандэнт: ) “Ці ўсе дзеці ведаюць, што гэта помнік Леніну?”
(Гаўрылік: ) “Не. Ня ведаюць. Большая частка ня ведае. Мой сын глядзеў стары буквар і ўбачыў Леніна. Дык мы патлумачылі, што быў такі правадыр. Гэта ж наша гісторыя. Але папулярызаваць яго таксама ня трэба”.
Адсутнасьць усялякай цікавасьці ільлянскіх вучняў да асобы Леніна, нягледзячы на яго помнік у школе, зьдзіўляе і выкладчыцу гісторыі Людмілу Маркевіч:
(Маркевіч: ) “Ужо забыліся абсалютна. Так дзіўна. Большасьць дзяцей кажа, што гэта было штучнае. Што гэта не было народжана ініцыятывай масаў. Была абсалютна выпадковая перамога бальшавікоў. Я кажу: “Дзеці, мы з вамі, я асабіста, — унукі бальшавікоў. А яны ў адказ: не, мы ня іх унукі”.