Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬГА ГАЛУБОВІЧ


Севярын Квяткоўскі, Сьвіслач

У адным з кабінэтаў сьвіслацкай сярэдняй школы мяне сустрэла абаяльная і вельмі стылёвая спадарыня. Дзіўлюся — абсалютна сталічная дама! Вольга Галубовіч з бацькамі пераехала зь Менску ў Сьвіслач дзесяць гадоў таму, і зусім пра тое не шкадуе:

(Вольга: ) “Мне вельмі лёгка тут дыхаецца. Тут больш прасторы, больш дрэваў, больш куды можна прыкласьці вока. Калі ты глядзіш з вокнаў сваёй установы на лес, і летам, і восеньню, і вясною гэта кожны раз новыя карціны”.

Яшчэ на падыходзе да школы я папытаўся ў гурбы хлапчукоў, ці ведаюць Вольгу Галубовіч:

(Сярожа: ) “Знаем, яна мая суседка. Яна настаўніца беларускае мовы”.

(Дзіма: ) “О, харошая учыцельніца, кстаці. І па-беларускі, і па-англійскі”.

(Карэспандэнт: ) “А па-беларуску можаш адказаць?”

(Дзіма: ) “Не, не магу”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму? Кепска выкладае?”

(Лёша: ) “Яна выкладае мову й літаратуру, і добра выкладае”.

(Карэспандэнт: ) “Ведаеш, што яна дэпутатам стала?”

(Дзіма: ) “Ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “А як ты думаеш, дэпутаты патрэбныя?”

(Дзіма: ) “Думаю, патрэбныя”.

(Саша: ) “Падабаецца”.

(Лёша: ) “Яна добрая вельмі”.

(Саша: ) “Харошая настаўніца”.

(Дзіма: ) “Я нават рады, што яе выбралі. Мы падтрымліваем. Я б за яе прагаласаваў бы. Ну, я малы яшчэ. Мне 13. Я хацеў бы, каб яна ў мяне вяла беларускую мову”.

Зрэшты, настаўніцтва для Вольгі Галубовіч ня ёсьць асноўнай працай. У школе Вольга найперш сацыяльны пэдагог. Невялікая ростам, далікатная, зь вялікімі чорнымі вачыма і абаяльнай усьмешкай, Вольга кажа, што абышла ў Сьвіслачы ці ня ўсе неўладкаваныя сем’і, некаторыя зь якіх інакш як “бамжатнікамі” не назавеш. Завуч школы Алена Шашок перакананая, што Вольга будзе добрым дэпутатам, бо знаходзіла рашэньне ў такіх сытуацыях з вучнямі, дзе ў настаўнікаў апускаліся рукі:

(Шашок: ) “Яна верыць у вынік, што у кожнай сытуацыі можна зрабіць лепш, што можна знайсьці выйсьце ў самых безнадзейных сытуацыях. Пэўна, ёй гэта дапмагае”.

Вольгу Галубовіч любяць, але ня ўсе — за партыйную прыналежнасьць і наагул грамадзкую і грамадзянскую актыўнасьць:

(Вольга: ) “Ну, маладая бээнэфаўка, ну “ошибки молодости”. (Сьмяецца.) Мне сказала адна бабулька: “Нічога, гэта па маладосьці”. (Сьмяецца.) Гэта як хвароба, нічога, перарасьцеш”.

Адрозна ад завуча Алены Шашок, дырэктарка Тацяна Селівонец адмовілася ад інтэрвію. Тацяна Селівонец — яшчэ адна прадстаўніца школы, абраная ў пасялковы савет, ад партыі ўлады.

А вось дзейсны старшыня пасялковага савету Аляксандар Каценя, якога абышла Вольга Галубовіч, крыху разгублены, але ня зьдзіўлены:

(Каценя: ) “Увогуле нічога кепскага ў гэтым няма. Я ня думаю, што там сыграла ролю, што Партыя БНФ. Тут напэўна, такі момант, што апошні час рэзка вырасьлі камунальныя плацяжы. Нібыта пратэстнае галасаваньне супраць прадстаўніка ўлады, які вось ён тут бачны на месцы”.

А вось намесьніца спадара Кацені Валянціна Комлік тлумачыць посьпехі спадарыні Галубовіч сарамлівасьцю ейных канкурэнтаў:

(Комлік: ) “У нас кандыдаты ў дэпутаты, яны людзі сарамлівыя. Яны ўлёткі свае не выпускалі, сустрэчаў не было. А яна пакватэрна хадзіла, людзям прадстаўлялася, гэта ролю сыграла”.

Праўда, у раённы савет выбары не адбыліся на акрузе Галубовіч і Кацені. Затое, адрозна ад свайго суперніка, Вольга Галубовіч абышла ці ня кожны дом на акрузе:

(Вольга: ) “Як казалі мае знаёмыя, “Вольга, ты неяк дзіўна ходзіш па хатах”. Мяне заўсёды кармілі, мяне ўсюды паілі гарбатай. (Сьмяецца.) Я прыходзіла, Саша кажа: “Воля, я думаў, ты там і заначуеш у выбарцаў”.


* * *
Вольга Галубовіч скончыла менскую мастацкую вучэльню і філфак БДУ са спэцыялізацыяй у беларускай, расейскай і сэрбскай мовах. Любіць клясыку року, беларускі фольк-рок і клясыку. Раней крыху грала на гітары, але цяпер больш малюе. Вользе падабаецца культура Далёкага Ўсходу, найперш Японіі. Вольга вэгетарыянка, але добра гатуе і традыцыйную для беларускіх шыротаў ежу. Увогуле, Вольга Галубовіч абсалютна не выглядае на рэвалюцыянэрку. Вольга тлумачыць паўжартам-паўсур’ёзна:

(Вольга: ) “Унутры Жана Д’Арк. (Сьмяецца.) У мяне бацька жартуе, што я дрэнна скончу. Увогуле па жыцьці ў мяне лёгкасьць такая, жаночая менавіта”.

Вольга і сябры ня раз чулі на свой адрас пагрозы ад мясцовых скінгедаў і звычайных вулічных малойчыкаў, якіх традыцыйна завуць гопнікамі. А ў жніўні 2001 году зьведалі сапраўдную драму. Тады ладзіўся летнік для моладзі, сярод якіх былі дзеці-інваліды. Уначы на вогнішча напала каля трыццаці скінгедаў, узброеных жалезнымі дубцамі. Было шмат зьбітых. У міліцыі некаторыя з затрыманых скіноў патлумачылі, што, маўляў, моладзь зь летніку крычала антыпрэзыдэнцкія лёзунгі. А яны, скінгеды, правучылі няправільных юнакоў, і заадно парвалі бел-чырвона-белы сьцяг. Міліцыю задаволіла тлумачэньне. Але ў Вольгі Галубовіч толькі паболела маральнае падтрымкі. Пра сястру Вольгу кажа Алена Галубовіч:

(Алена: ) “Не магу сказаць, што раней яна была такая, як цяпер. Я думаю, што чалавека робіць час такім. І… каханьне! (Сьмяецца.) Муж паўплываў. Больш яна стала энэргічнай. Ён гаворыць: “Вольга, ты ўсё зможаш”. І яна набіраецца ад гэтых словаў сілаў, і пачынае рабіць”.

З Аляксандрам Вольга пабралася шлюбам летась. Кліча мужа стражытнаславянскім словам “жанім”. Перад тым Аляксандар сам патрапіў у жорсткую сытуацыю. Пачаў бараніць сябра, а той, хто нападаў, аказаўся пляменьнікам міліцэйскага боса. Як вынік, Аляксандар правёў тры гады ў турме нібыта за хуліганства. Вольга прыгадвае шэпт нядобразычліўцаў у краме, маўляў, за каго шчэ можа выйсьці бээнэфаўка? Ясна, за крымінальніка!

(Вольга: ) “Наступны раз, кажу, ты пытай: “Ня сын, ня брат, ня сват?”, калі будзеш адстойваць чыесьці правы”.

Аляксандар мае няскончаную эканамічную адукацыю, працуе ў прыватнага прадпрымальніка: апрацоўваюць яловыя галінкі для вянкоў і адпраўляюць на Ўсход. Але найперш муж дапамагае жонцы, празь якую пачаў гаварыць па-беларуску:

(Аляксандар: ) “Як мы сустрэліся, Вольга вельмі паўплывала на маё жыцьцё. Уцягнула ў палітыку, і з таго часу мы працуем разам, як адна каманда. Таму і далей гэта будзе працягвацца такім чынам”.

Вольга і Аляксандар вырасьлі сярод партызанаў. Так завуць жыхароў вуліцы Партызанскай:

(Аляксандар: ) “Увогуле, каманда была байцовая. Увесь час з лукамі, зь мячамі бегалі. Ідэалы ў нас напраўленыя больш на народных герояў. Робін Гуд быў наш агульны герой”.

Аляксандар прыгадвае, як узначальваў першую за часам перабудовы рокерскую тусоўку Сьвіслачы і суседняга Дружнага. Вось успамін пра першае ўражаньне ад нядаўняга вяртаньня на волю:

(Аляксандар: ) “Калі я вярнуўся, першая навіна, якую я пачуў — адбыўся рок-фэст. Гэта было нейкае неверагоднае зьяўленьне”.

Аляксандар гаворыць пра рок-фэст, які зарганізавала Вольга Галубовіч у траўні 2001 году. Сабралося каля дваццаці камандаў са Сьвіслачы, Дружнага, Рудзенску, Мар’інай Горкі, нават госьці з Маладэчна. Другі фэст ладзіўся сёлета ў студзені. Беларускамоўных гуртоў паболела. Пра фэстываль кажа ўдзельнік Саша Вірко з гурта “Одум”, сцэнічная мянушка “Бармалей”:

(Вірко: ) “Вельмі падзеяй быў вялікай, таму што ў нас нічога не праводзіцца ніколі. Вольга Галубовіч… Існаваньне гурта падтрымлівалася ў асноўным ёю. Духоўна таксама — тэксты прывозіў, яна рэдагавала”.

Пра мясцовую моладзь Вольга гаворыць аптымістычна:

(Вольга: ) “Менавіта ў такіх невялікіх пасёлках можна выхаваць і ад гораду ў далечыні, і ад вёскі, якая сьпіваецца, калі тут стварыць умовы, кампутарныя клюбы і ўсё-ўсё, то можа выхавацца нармальная здаровая адукаваная моладзь”.

Вольга Галубовіч па-за ўсімі справамі нават пасьпявае працаваць рэпэтытаркай. Кажа адна з вучаніц:

(Вучаніца: ) “Яна мяне вучыць многа чаму. І жыцьцю, і беларускай мове”.


* * *
Ужо на трэці дзень па выбарах да Вольгі зьвярнуліся людзі, жыхары інтэрнату, якія ўвайшлі ў канфлікт з адміністрацыяй з-за камунальных праблемаў. Вольга Галубовіч спадзяецца даць рады ў сваёй першай дэпутацкай справе. А ўвогуле дэпутацтва дазволіць зрабіць калі не рэвалюцыю, дык займець абарону ад свавольства чыноўнікаў у распачатых грамадзкіх справах, зьвязаных найперш з моладзьдзю.

Дэпутацтва Вольгі Галубовіч уразіла многіх. Кажа маці Ніна Ёсіпаўна:

(Ніна Ёсіпаўна: ) “Увогуле можна сказаць, што мы былі ня тое што зьдзіўленыя, мы былі шакаваныя. Ня тое, што стала дэпутатам, а тое што ўвогуле пайшла на выбары. Таму што маладая, куды ж яна лезе. Сур’ёзная і мудрая — ня ведаю, у каго яна такая. Думаю, што зь яе дэпутат будзе добры”.

А вось намесьніца папярэдняга старшыні пасялковага савету Вольга Комлік больш скептычная:

(Комлік: ) “Яна пазаштатны карэспандэнт апазыцыйнай газэты. Ейныя артыкулы што да бачаньня нашых мясцовых уладаў не супадаюць з нашым пунктам гледжаньня. То бок факты былі скажоныя. Пабачым, як яна сябе павядзе ў ролі дэпутата. Як малады чалавек, як малады дэпутат, можа, яна нам сваё бачаньне падкажа. І пойдзе правільным шляхам”.

Што да будучыні, Вольга Галубовіч аптымістка:

(Вольга: ) “Я баюся ў жыцьці, калі я ведаю, што будзе заўтра. Тое, што я ня ведаю, мяне гэта цалкам задавальняе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG