Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САПОЦКІНА


Ягор Маёрчык, Сапоцкіна

Найбольш поўнай інфармацыяй пра змаганьне тутэйшага насельніцтва з галоўным рэвалюцыянэрам валодае мясцовы краязнаўца Тадэвуш Лукуць.

(Лукуць: ) “Падзеяў вакол помніка Леніна было некалькі. Пашкоджвалі яго. Першы раз — вельмі моцна, так, што прыйшлося выклікаць скульптара. А потым было некалькі разоў, калі яго размалёўвалі і апісвалі дрэннымі словамі. Першы раз, калі адбілі галаву, дык шукалі й нават дзяжурствы прызначалі, але гэта нічога не дало. А апошнім разам нават не шукалі. Можа, хто й ведаў, але ня выдалі”.

(Карэспандэнт: ) “На якой мове былі надпісы на помніку Леніна?”

(Лукуць: ) “Па-польску. Гэта было зроблена як пратэст супраць сыстэмы, якая не дала людзям добрых жыцьцёвых умоваў”.

На сучасных беларускіх мапах можна прачытаць “Сапоцкін”, але не “Сапоцкіна”. Праўда, тутэйшыя насельнікі карыстаюцца толькі аргыгінальным назовам.

Ёсьць яшчэ адна разыначка. У ваколіцах мястэчка зыходзяцца тры дзяржавы. Леваруч ляжыць Польшча, а праваруч — Літва. Адсюль і дадатковая спэцыфіка. Для пабочных — гэта закрытая зона. Пільнае мясцовае насельніцтва часьцяком сурацоўнічае з памежнікамі ды іншымі спэцслужбамі. Пра незнаёмцаў, калі тыя трапляюць на вочы, жыхары паведамляюць “куды трэба”.

І як вынік такога ўзаемадзеяньня, нярэдкія згадкі пра тое, што ў ваколіцах затрыманая чарговая група грамадзянаў азіяцкіх краінаў, якія спрабавалі перабрацца ў Заходнюю Эўропу.

Я знаходжуся на старых габрэйскіх могілках. Самі габрэі і падштурхнулі Сапоцкіна да разьвіцьця, калі яшчэ ў час Расейскай імпэрыі была выдадзеная пастанова пра мяжу аселасьці. Паводле яе, габрэі ня мелі права сяліцца на ўсход ад Дняпра, яны таксама ня мелі права валодаць землямі ў вёсках. Праз гэта яны сталі займацца гандлем і рамёствамі. Яшчэ да другой усясьветнай вайны габрэі складалі значную частку насельніцтва Сапоцкіна. Але калі мястэчка было акупаванае, адсюль вывезьлі ўсіх прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасьці.

Летась тут працавала група амэрыканскіх студэнтаў. Яны ўпарадкавалі могілкі. За савецкім часам тут нават не было агароджы, і праз могілкі ганялі на пашу калгасны статак. Амэрыканскія студэнты аднавілі агароджу, шмат якія надмагільныя помнікі не ацалелі, і на іхных месцах паставілі зоркі Давіда.

Амэрыканскіх студэнтаў прывёз у Беларусь выкладчык Майкл Лозман, продкі якога паходзяць з Сапоцкіна. Новы кантынэнт, невядомая краіна, маленькае мястэчка на самай мяжы, людзі з адрознай сьвядомасьцю — карацей кажучы, усе неабходныя складнікі для таго, каб падарожжа стала сапраўднай прыгодай. Так яно й атрымалася.

Пасьля некалькіх дзён гасьцяваньня тут грамадзянаў ЗША затрымалі супрацоўнікі КГБ Беларусі. Аказалася, што наведаць мястэчка пашпартна-візавая служба дала, а памежнікаў папярэдзіць забылася. Гэты інцыдэнт сапоцкінцы называюць “нестыкоўкай паміж органамі”. І ня болей за гэта. Значна часьцей памяць аднаўляе іншыя моманты.

Пра кантакты дзьвюх цывілізацыяў узгадвае Андрэй Янулевіч:

(Янулевіч: ) “Мы ня ведалі, хто яны такія, яны ня ведалі пра нас. Яны ўбачылі, што мы нармалёвыя людзі, мы тое самае заўважылі ў іх. Вельмі зьдзівіліся, што мы можам знайсьці штосьці агульнае. Было дзіўна глядзець, як яны працавалі. Пачалі рубіць кустарнік сярпом, некаторыя зь іх прызнаваліся, што першы раз у жыцьці трымаюць рыдлёўку, яны ня ведалі й ня бачылі, што такое лом. Але што зьдзіўляла: дождж ці сьпякота — усё адно працавалі”.

(Карэспандэнт: ) “Як сябе паводзіў амэрыканскі бок, як сябе паводзілі беларусы ў той час, калі высьвятляліся акалічнасьці?”

(Янулевіч: ) “Мы бачылі страх у іхных вачах. Амэрыканцы былі вельмі зьдзіўленыя, не маглі зразумець сытуацыю: спачатку іх сюды прапусьцілі, а пасьля арыштавалі. Вось гэта было для іх не зразумела: чаму так? І нашыя людзі бачылі, што яны робяць добрую справу, і не маглі зразумець, чаго ад іх хочуць”.

У закрытай памежнай зоне праблемы тыя самыя, што й на астатняй тырэторыі краіны. Сяльпо зачынілі. Пад пагрозай зьнікненьня хлебапекарня й паліклініка. Калгас “Беларусь”, дзе працавала тысяча чалавек, далучылі па птушкафабрыкі. І цяпер яны супольна “шукаюць да шчасьця дарог”. Пры такім раскладзе агменямі жыцьця застаюцца Дом культуры й сярэдняя школа.

Пра школу — падрабязьней. Паводле правінцыйных мерак, нават і не малая, некалькі сотняў вучняў. У навакольлі кантактуюць на беларуска-польскай гаворцы, а ў школе выкладаюць па-расейску. Дзеткі, якія прыходзяць у пачатковыя клясы, часам ня ведаюць гэтай мовы. Але гадамі яны вывучваюцца, і пасьля можна пачуць выказваньні кшталту “я размаўляю па-польску і па-расейску, а беларускай мовай не карыстаюся”.

Умешвацца ў гэты працэс спрабуе настаўніца Натальля Сушко.

(Сушко: ) “Польскі бок, безумоўна, пераважае. Хацелася, каб разьвівалася беларуская мова ў Сапоцкіне. І я сваімі ўрокамі спрабую прасоўваць беларускую мову. Не скажу, што вельмі актыўна, але на ўроках беларуская мова гучыць. Крыху людзі пачынаюць размаўляць, калі яны чытаюць, цікавяцца Васілём Быкавым, Купалам, Коласам”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі дзяцей цікавяцца?”

(Сушко: ) “Пяць-шэсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі людзей вучыцца ў пяці старэйшых клясах?”

(Сушко: ) “Каля сямідзесяці чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “Пяць чалавек на семдзесят агульнай колькасьці — гэта колькі адсоткаў?”

(Сушко: ) “Тры-пяць адсоткаў”.

(Карэспандэнт: ) “І для Сапоцкіна гэта шмат?”

(Сушко: ) “Для любога раёну гэта шмат. Я ня думаю, што ў Горадні, Віцебску, Гомелі сапраўды цікавяцца гэтымі пісьменьнікамі больш”.

А чым насамрэч цікавіцца моладзь Сапоцкіна, на што яна спадзяецца? Пра сваіх аднагодкаў — Станіслаў Лісоўскі.

(Лісоўскі: ) “Цяпер у Сапоцкіне вельмі мала моладзі, бо няма працы. Вельмі шмат п’юць гарэлку й толькі гэтым жывуць”.

(Карэспандэнт: ) “Тая моладзь, якая зьяжджае, у які бок яна кіруецца?”

(Лісоўскі: ) “Ідуць на Захад, у Польшчу. Вучацца ва ўнівэрсытэтах і застаюцца там. Шмат хто хацеў бы ехаць у Польшчу, але не заўсёды гэта атрымліваецца, бо вельмі вялікі конкурс для паступленьня, ня ўсе праходзяць”.

(Карэспандэнт: ) “Побач дзьве мяжы. Наколькі яны ўплываюць на жыцьцё ў Сапоцкіне?”

(Лісоўскі: ) “Гандаль цяпер малы, але некаторыя яшчэ езьдзяць. Я думаю, што ў сёньняшняй сытуацыі гандаль дапамог бы нам, каб толькі гэта было як калісьці. Як быў росквіт гэтага гандлю, людзі жылі лепей. А цяпер нельга шмат вывозіць адсюль цыгарэтаў альбо гарэлкі. А адтуль толькі да 10 кіляграмаў можна прывозіць. Вымірае і гандаль”.

Самымі заможнымі жыхарамі мястэчка можна лічыць пэнсіянэраў. Яны стабільна атрымліваюць па 100 тысяч, трымаюць гаспадарку, з чаго жывуць самі й дапамагаюць дзецям. Звычайна жыхары сталага веку дзякуюць уладам і ў прыватнасьці Аляксандру Лукашэнку за пэнсію й дадаюць: “Абы не было вайны”. А старых сапоцкінцаў назваць прыхільнікамі цяперашняй улады досыць цяжка.

Пэнсіянэрка Марыя Раманчук:

(Раманчук: ) “Сама яма ў Сапацкіно! Улада забыла, што мы тут жывем: чым далей, тым больш падаткаў, цэны растуць у крамах штодня. Адзіная такая мясцовасьць, у нас тут 92% палякаў, і нас тут ніхто не паважае. Выяўляецца гэта ў тым, што на кіроўныя пасады ніхто палякаў не бярэ. Як ты паляк — так сядзі на месцы. Нам няма даверу, што мы як палякі, значыць ня можам быць добрымі людзьмі. Зрабілі шпегамі. Папросту людзі ўжо ня вераць. Іх падманваюць. Выбары былі. Прыслалі з Горадні кандыдата. Ён адзін у нас балятаваўся, не было ніякіх канкурэнтаў. І мы галасуем, ці не — усё адно яго выбяруць”.

(Карэспандэнт: ) “Што ў Сапоцкіне добрае?”

(Раманчук: ) “Гэта наш касьцёл: і навучае нас, і дапамагае духова. У тунэлі сьвету не відаць. Але я так думаю, што Пан Бог нас не пакіне, і мы вылезем з гэтай ямы. Ой, не! Яшчэ трэба доўга чакаць. Пакуль людзі ўсе ня будуць дамагацца дэмакратыі, ня будзе нічога добрага. Мусіць быць дэмакратыя! Мусіць быць свабода для чалавека! Мы хочам, каб нам свабоду далі!”

Адрозна ад насельнікаў бальшыні мястэчак і вёсак Беларусі, сапоцкінцы ведаюць, што трэба рабіць. У іх ёсьць рэцэпт, як палепшыць сваё жыцьцё. Кажуць, што неабходна ўсяго толькі аднавіць Аўгустоўскі канал.

Інжынэрнае збудаваньне, якое злучае Нёман зь Віслай. У 19 стагодзьдзі яно мела вялікае геапалітычнае значэньне, бо зьяўлялася гандлёвым шляхам у Балтыйскае мора ў абыход прускіх уладаньняў. Тут захаваліся ўнікальныя плаціны й шлюзы.

Тая частка каналу, што знаходзіцца ў Польшчы, зьяўляецца турыстычным аб’ектам, спраўна працуе і прыносіць прыбытак мясцоваму насельніцтву. Беларускі кавалак — гэта цэлых 22 кілямэтры, якія пакуль ніхто рэстаўраваць не зьбіраецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG