Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАТАЛІКІ Й ПРАТЭСТАНТЫ БЕЛАРУСІ СЬВЯТКУЮЦЬ ВЯЛІКДЗЕНЬ


Галіна Абакунчык, Менск

Сёньня набажэнствы ў каталіцкіх касьцёлах, пратэстанцкіх малельных дамах адбываюцца паводле раскладу сьвяточных і выходных — некалькі разоў запар. Учорашняга ажыўленьня тут няма, і хоць бажніцы не пустыя, большасьць наведнікаў — людзі пэнсійнага веку. Больш маладыя, рабочыя альбо студэнты прыйшлі памаліцца, як кажуць, на ўласны страх і рызыку, бо давялося цішком пакідаць працоўныя месцы альбо аўдыторыі.

Ванда Закрэўская, да прыкладу, кажа, што прасіла сваіх каляжанак па працы, каб падмянілі яе.

(Закрэўская: ) “Трэба сьвяткаваць два дні, бо што адзін? Так шмат трэба зрабіць у пляне традыцыяў, трэба і крыху адпачыць. І ня так, каб пабегчы ў той жа касьцёл і ўсё на хаду, але каб гэта заставалася ў душы. Бо цяпер я, да прыкладу, магу з працы адлучыцца на хвілінку, каб зайсьці памаліцца. Але ж вельмі многія людзі ня могуць гэтага зрабіць”.

Праваслаўныя вернікі да сьвята яшчэ толькі рыхтуюцца: посьцяць, рыхтуюцца пячы булкі й фарбаваць яйкі. Яны ўважаюць Вялікдзень за найважнейшае сьвята. Многія зь іх не задаволеныя пэрспэктывай працы на другі дзень Уваскрашэньня. У многіх месцах Беларусі — гэта яшчэ й час наведваньня могілак. Таму яны спадзяюцца, што ўлады адменяць сваё колішняе рашэньне пра скасаваньне выходнага.

Гаворыць Аляксандар Стрэльскі:

(Стрэльскі: ) “У праваслаўнай канфэсіі ёсьць такая традыцыя хадзіць адзін да аднаго ў госьці, адпачываць, хадзіць у царкву, каб славіць Хрыста. І працаваць у гэты дзень вельмі непрыемна. Колькі гадоў таму і на каталіцкі Вялікдзень і на праваслаўны другі дзень быў выходны. Чаму цяпер здарылася так, што яго ня стала — незразумела й непрыемна. Мне бы хацелася, каб гэта быў выходны, бо на другі дзень можна было бы зьезьдзіць на могілкі да сваіх родных, але сёньня такой магчымасьці няма”.

А падсумаваў нашую размову чалавек, які паведаміў, што зьяўляецца супрацоўнікам Міністэрства культуры, але не пажадаў назваць сваё імя. Ён таксама назваўся праваслаўным, які наведвае касьцёл. Паводле суразмоўцы, дзяржаваўныя ўлады толькі фармальна дакляруюць ляяльнасьць да беларускіх вернікаў. Варажнеча ж да царквы, асабліва неправаслаўнай, амаль не прыхаваная, — сказаў ён.

(Спадар: ) “Ці насамрэч дзяржава ўсур’ёз павярнулася да вернікаў без палітычных амбіцыяў? Сумняюся, што гэта ў сапраўднасьці й чыста. Можна, да прыкладу, набыць духоўную літаратуру, але складана думаць — за што. Маці ў адной менскай установе яйка дзеліць напалову са сваёй дачкой — гэта адзін такі прыклад. А ўвогуле гэткі “клопат” штат у якіх сытуацыях праяўляецца, асабліва да вернікаў неправаслаўнай канфэсіі”.

Пацьверджаньнем гэтых словаў ёсьць закон аб веравызнаньні, прызнаны недэмакратычным і дыскрымінацыйным, які дае дзяржаўныя прывілеі праваслаўнай царкве. А прыняты ён быў насуперак шматлікім пратэстам вернікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG