Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРАЦКІ НАВУКОВЕЦ СЬЦВЯРДЖАЕ, ШТО ІРАК СТВАРАЎ ЗБРОЮ МАСАВАГА ЗЬНІШЧЭНЬНЯ ДА САМАГА ПАЧАТКУ ВАЙНЫ

Юры Дракахруст, Прага

Паводле зьвестак карэспандэнткі газэты Джудыт Мілер, амэрыканскія вайскоўцы знайшлі ў Іраку навукоўца, які больш за 10 гадоў працаваў над ірацкай праграмаю стварэньня хімічнай зброі. Паводле яго, улады зьнішчылі ці схавалі свае запасы зброі масавага зьнішчэньня літаральна за некалькі дзён да пачатку вайны.

“New York Times” паведамляе, што гэты навуковец перадаў амэрыканскім адмыслоўцам нават узоры складнікаў хімічнай зброі і распавёў, што значная частка забароненай зброі была ў 1990-х гадох таемна перавезеная ў Сірыю.

14 сакавіка сёлета – паведаміў навуковец, – іракцы падпалілі лябараторыю, дзе вяліся дасьледаваньні і выраблялася біялягічная зброя. Яшчэ раней былі закапаныя складнікі хімічнай зброі, якія ўлады імкнуліся схаваць ад інспэктараў ААН і захаваць для выкарыстаньня ў будучыні.

Некаторыя з гэтых сховішчаў, паказаных ірацкім навукоўцам , былі дасьледаваныя адмысловай амэрыканскай мабільнай рабочай групаю “Альфа”, і там сапраўды былі знойдзеныя элемэнты хімічнай зброі.

Карэспандэнтка “New York Times” Джудыт Мілер піша, што імя навукоўца не агалошваецца, бо амэрыканскія прадстаўнікі клапоцяцца пра ягоную бясьпеку. Зьвесткі, якія ён паведаміў, былі на тры дні забароненыя для публікацыі, больш за тое, у артыкуле ў “New York Times”, пра які мы распавядаем, паводле загаду Пэнтагону былі выдаленыя спасылкі на канкрэтныя тыпы складнікаў хімічнай зброі, знойдзеных у Іраку. Джудыт Мілер было дазволена толькі здаля паглядзець на ірацкага навукоўца на адным з аб’ектаў, дзе, паводле яго, была схаваная хімічная зброя.

Мабільная рабочая група мае тэхніку, якая дазваляе хутка аналізаваць узоры хімічнай і біялягічнай зброі. З пачатку вайны група знаходзілася ў Кувэйце. Аднак яшчэ два тыдні таму яна атрымала інфармацыю пра ірацкага навукоўца, які быў гатовы распавесьці амэрыканцам пра праграмы стварэньня хімічнай зброі рэжымам Садама Хусэйна. Амэрыканскія адмыслоўцы сустрэліся з ірацкім навукоўцам у яго доме. Ён прадаставіў шэраг дакумэнтаў , якія скраў з ваеннай лябараторыі, у якой ён працаваў. У сваім двары ён закапаў узоры складнікаў сьмяротнай зброі.

Ён падкрэсьліў, што не валодае ўсёй інфармацыяй пра праграмы стварэньня ірацкай зброі масавага зьнішчэньня, бо выканаўцы гэтых праграмаў ведалі толькі невялічкія кавалкі інфармацыі, якая тычылася іх асабістай працы.

Інфармацыя пра прызнаньні ірацкага навукоўца была накіраваная ў адміністрацыю прэзыдэнта ЗША толькі ў мінулаю пятніцу. Да гэтага часу ішла праверка асобы ірацкага навукоўца і пададзеных ім зьвестак.

На думку “New York Times”, гэтыя зьвесткі пацьвярджаюць абвінавачаньні ў тым, што Ірак працягваў распрацоўку зброі масавага зьнішчэньня і падманваў ААН. Менавіта гэтыя абвінавачаньні сталі падставаю для пачатку ваенных дзеяньняў.
XS
SM
MD
LG