Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАТРЭБНЫЯ МЕНЧУКАМ КАМЭРЦЫЙНЫЯ ШАПІКІ?


Ганна Соусь, Менск

Сёньня чыноўнікі Менгарвыканкаму павінны былі разгледзець пытаньне аб тым, каб камэрцыйныя шапікі засталіся на гарадзкіх вуліцах і пасьля 1 ліпеня. Вырашэньне гэтай праблемы адклалі да наступнага паседжаньня адміністрацыі гораду.

У Менску каля 2000 камэрцыйных шапікаў. Іхным уладальнікам прапануюць ісьць ў гіпэрмаркеты ці будаваць уласныя крамы, бо цяперашнія шапікі, паводле менскіх уладаў, псуюць эўрапейскі выгляд сталіцы. А як ставяцца менчукі да ліквідацыі дробнарозьнічнага гандлю на вуліцах гораду? Апытаныя мной выпадковыя мінакі паставіліся да гэтай ініцыятывы па-рознаму.

(Спадар: ) “Я супраць. Мне найбольш зручныя шапікі. Людзі згубяць працоўныя месцы”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што значна чысьцей у горадзе стане, але гэта будзе вельмі нязручна людзям”.

(Спадар: ) “Я катэгарычна супраць гэтага, таму што простым людзям лягчэй набыць нешта на вуліцы, чым хадзіць па розных супэрмаркетах”.

(Спадарыня: ) “Калі мала часу — канечне, карыстаемся. Яны стаяць на прыпынках, гэта вельмі зручна. Шапікі можна пакінуць, калі зрабіць іх цывілізаванымі. Тады гэта ня будзе псаваць выгляд гораду, як цяпер. Трэба каб гэта было прыгожа ды адпавядала сталіцы”.

(Спадар: ) “На самой справе шапікі патрэбныя, бо калі я працую ад 9 да 9, я іду дахаты, то мне не патрэбныя нейкія харчы з крамы, а дробязі заўсёды прыемна — прыкладам, дарогай зайсьці ды якіх семак пакляваць”.

(Другі спадар: ) “Тым самым будзе прыпыненае прыватнае прадпрымальніцтва. Колькі людзей застанецца бяз працы! У кожнага прыватнага прадпрымальніка ёсьць тры наёмныя асобы, ён ім дае працу, тут ж забясьпечвае пэнсіяй. Гэтым крокам губіцца прадпрымальніцтва. Няслушнае рашэньне”.

(Спадарыня: ) “На лета яны патрэбныя, а ўзімку іх трэба прыбраць. Зараз сьпякота пачнецца, смага, людзі хочуць піць. Так што няхай шапікі стаяць”.

(Спадар: ) “Толькі супэрмаркеты. Навошта гэтыя шапікі? Стаяць, горад забруджваюць, пацукі ад іх. Трэба прыбраць, трэба зрабіць па-эўрапейску. У палякаў раней таксама былі шапікі, але ж яны іх прыбралі”.

(Другі спадар: ) “Маё стаўленьне — каб была чысьціня на вуліцах. Але, можа, і трэба, каб былі гэтыя дробныя кропкі”.

(Трэці спадар: ) “Вельмі было зручна, пакуль яны стаялі ў горадзе. А цяпер няма, дык даводзіцца шукаць другія месцы, дзе можна знайсьці тытунёвыя вырабы ды іншыя прылады, ці нейкую чакаладку купіць, калі па горадзе ідзеш”.

(Спадарыня: ) “Карыстаюся сама, і мае знаёмыя карыстаюцца. І на прыпынках, і ня толькі на прыпынках, і вельмі гэта зручна. Зразумела, калі пабудуюць вялікія супэрмаркеты, то й цэны ў іх будуць не такія, як у гэтых шапіках. Я супраць зьнішчэньня шапікаў”.

Гэтак ставяцца менчукі да ініцыятывы менскіх уладаў прыбраць з гарадзкіх вуліцаў камэрцыйныя шапікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG