Кандыдатуру лідэра кубінскай апазыцыі Асвальда Пайя Сардыньяса на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру 2004 году падтрымалі ў 31 краіне сьвету. Сярод тых, хто ўхваліў гэтую прапанову — былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, былы дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт, гішпанскі прэм’ер Хосэ Марыя Аснар ды іншыя вядомыя палітыкі, грамадзкія дзеячы й інтэлектуалы.
Асвальда Пайя Сардыньяс — вядомы на Кубе палітвязень і дысыдэнт, стваральнік апазыцыйнага Хрысьціянска-лібэральнага руху. Нядаўна ён стаў ініцыятарам збору подпісаў кубінцаў за правядзеньне ўсеагульнага рэфэрэндуму. Праз гэты плебісцыт апазыцыя хацела дамагчыся правядзеньня на Кубе дэмакратычных рэформаў. Улады, аднак, ужылі рэпрэсіі супраць ініцыятараў рэфэрэндуму. Пад ціскам міжнароднай супольнасьці Фідэль Кастра быў вымушаны выпусьціць Асвальда Пайя з Кубы. Яго прымалі на вышэйшым узроўні Джордж Буш, Ян Павал ІІ ды іншыя вядомыя асобы, а Эўразьвяз узнагародзіў спадара Асвальда Пайа Сардыньяса прэміяй імя Андрэя Сахарава.
Чаму да кампаніі ў падтрымку лідэра кубінскай апазыцыі далучыўся Малады Фронт, гаворыць яго лідэр Павал Севярынец:
(Севярынец: ) “Для нас Асвальда Пайя — постаць вельмі роднасная. Таму што ён узначаліў рух за хрысьціянскае вызваленьне Кубы на духовых падставах. Мы лічым, што такія людзі як Асвальда Пайя павінны быць прыкладам для беларускай апазыцыі. На думку Маладога Фронту, ніхто зь лідэраў беларускай апазыцыі ня можа пакуль прэтэндаваць на падобнае вылучэньне. Гэта факт, які пабуджае нас глядзець на найлепшыя ўзоры, як змагаюцца людзі на Кубе, як яднаецца кубінская апазыцыя.
Мы вельмі спадзяемся на тое, што беларуская апазыцыя ўспрыме гэты сыгнал як кіраўніцтва да дзеяньня. Перастануць разьбірацца паміж сабой і аб’яднаюць свае высілкі. Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе, праз год Малады Фронт зможа вылучыць на Нобэлеўскую прэмію міру беларускага лідэра апазыцыі”.
Акрамя Маладога Фронту і дэпутатаў гэтай арганізацыі ў мясцовых саветах, кандыдатуру Асвальда Пайя Сардыньяса ў Беларусі падтрымалі Станіслаў Шушкевіч, акадэмік Радзім Гарэцкі, прафэсары Анатоль Грыцкевіч, Адам Мальдзіс, Леанід Лыч, Алег Манаеў, Генадзь Грушавы, а таксама Свабодны прафсаюз і праваабарончы цэнтар “Вясна”.
У сярэдзіне чэрвеня беларускія подпісы ў падтрымку Асвальда Пайя Сардыньяса будуць перададзеныя старшыні камітэту Нобэлеўскай прэмі міру Оле Данбэльту Ньёсэ.
Копіі гэтых подпісаў маладафронтаўцы перадададуць у амбасаду Кубы ў Менску.