Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“STERN”: ЛУКАШЭНКА АДЧУВАЕ НЕБЯСЬПЕКУ


Ул. інф.

Адразу зазначым, — удакладаняе Штэфан Вос, — пакуль што Беларусь ня трапіла ў сьпіс краін, якія падтрымліваюць міжнародны тэрарызм і якія маюць зброю масавага зьнішчэньня. Але ж… Ужо некалькі гадоў ЗША абвінавачваюць Менск ў нелегальных ваенных гешэфтах з Іракам, Лібіяй, Сырыяй і Паўночнай Карэяй. Што да доказаў адносна гэтых кантрабандных паставак, то яны пакуль грамадзкасьці не прадстаўленыя.

Тым часам беларускі лідэр — бадай што адзіны ў Эўропе — даў звышрэзкую ацэнку дзеяньням ЗША ў Іраку і назваў іх самай цынічнай агрэсіяй з часу другой усясьветнайй вайны. Менавіта зь Менску апошнім часам ішлі самыя розныя меркаваньні наконт таго, Садам альбо хтосьці зь ягоных сыноў могуць разьлічваць на атрыманьне ў Беларусі палітычнага прытулку.

Канечне ж, Вашынгтону не магла спадабацца непрыхаваная сымпатыя Менску да Багдаду. Як піша “Stern”, зь вялікай доляй верагоднасьці за акіянам пачалі разглядаюць пытаньне зьмены беларускага кіраўніцтва. Заявы Кангрэсу ЗША пра фінансавую дапамогу беларускай апазыцыі выклікалі ў Лукашэнкі надзвычайнае абурэньне.

Паводле беларускага лідэра, гэты намер ЗША накіраваны супраць цесных сувязяў ягонай краіны з Расеяй. Прычым, менавіта ў той час, калі былыя савецкія рэспублікі зьбіраюцца стварыць саюзную дзяржаву. Мяркуецца, што агульная валюта, расейскі рубель, пачне дзейнічаць на тэрыторыі абедзьвюх краінаў меней чым праз два гады. Існуе, праўда, адна невялікая акалічнасьць: прэзыдэнт Расеі Пуцін ў пытаньні аб’яднаньня двух народаў сьпяшацца не зьбіраецца.

Што да дачыненьняў Беларусі з заходнімі дзяржавамі, то яны застаюцца бязь зьменаў. Нават нягледзячы на нядаўнюю адмену візавых санкцыяў для Лукашэнкі й ягонай сьвіты, менскае кіраўніцтва па-ранейшаму ня надта жадаюць бачыць ні ў Эўразьвязе, ні ў ЗША. Паводле дасьведчаных дыпляматычных колаў, фармальны дазвол на ўезд у гэтыя краіны мала што мяняе. Беларускаму кіраўніку, якога называюць апошнім дыктатарам у Эўропе, дакладна далі зразумець: актыўныя стасункі немагчыя, пакуль у Беларусі парушаюцца правы чалавека, перасьледуюцца незалежныя СМІ, ня робіцца ніякіх зрухаў у справе зьніклых палітыкаў.

Тым ня менш, — адзначае аўтар артыкулу, — Лукашэнка дазволіў АБСЭ аднавіць сваю дзейнасьць у Менску. “Новы офіс можа працаваць у адпаведнасьці з мандатам”, — пацьвердзіў у размове са “Stern” ягоны кіраўнік нямецкі амбасадар Эбэргарт Гайкен. Усе папярэднія гады АБСЭ беспасьпяхова імкнулася пераадолець вялікую бездань паміж уладамі й апазыцыяй і пасадзіць абодва бакі за стол перамоваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG