Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШАСЬЦЬ БЕЛАРУСАЎ ЖАДАЕ ІНШАГА ПРЭЗЫДЭНТА


Валер Каліноўскі, Менск

Сёньня галасаваць за А.Лукашэнку гатовыя толькі 26% апытаных, тады як у кастрычніку 2001 годe такіх было 46%, а летась у сьнежні — 30%. Яшчэ меншую падтрымку А.Лукашэнка атрымаў, калі сацыёлягі паставілі пытаньне наступным чынам: “Ці лічыце вы, што А.Лукашэнка добра кіруе краінай, і таму яго трэба пераабраць прэзыдэнтам, або нехта іншы павінен заняць гэтую пасаду?” Першы варыянт адказу абралі 23% рэспандэнтаў, а абсалютная бальшыня, 64%, лічыць, што хтосьці іншы павінен заняць прэзыдэнцкую пасаду.

Толькі 17% рэспандэнтаў гатовыя падтрымаць на гіпатэтычным рэфэрэндуме зьмяненьне Канстытуцыі, якое б дазволіла А.Лукашэнку балятавацца на трэці тэрмін. Пры гэтым сацыёлягі адзначаюць, што адбылося ня толькі колькаснае падзеньне рэйтынгу Аляксандра Лукагшэнкі, але і якаснае. Гаворыць дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “Цяпер такія сацыяльныя фактары як полавая прыналежнасьць, даходы, месца жыхарства, веравызнаньне грамадзянаў, якія раней разьмяжоўвалі беларускі электарат на прыхільнікаў і праціўнікаў прэзыдэнта, згубілі сваю дыфэрэнцыйную сілу. Зараз большасьць мужчынаў і жанчын, заможных і бедных, жыхароў сталіцы і малых гарадоў, усходніх і заходніх абласьцей, праваслаўных і католікаў гатовыя галасаваць за іншага кандыдата ў прэзыдэнты. Гэта значыць, што цяперашні палітычны курс расчараваў усіх”.

Нават сярод пэнсіянэраў толькі палова падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. У цэлым жа цяпер 43% тых, хто галасаваў на выбарах 2001 году за Лукашэнку, расчараваліся ў ім, толькі 40% зь іх гатовыя галасаваць за яго зноў. Дзьве траціны грамадзянаў упэўненыя, што Беларусь разьвіваецца няправільна.

Якая прычына такога імклівага падзеньня рэйтынгу А.Лукашэнкі й папулярнасьці ягонай палітыкі? Сацыёлягі гавораць, што перш за ўсё беларусаў турбуюць эканамічныя праблемы: нізкі ўзровень жыцьця, рост цэнаў і камунальных тарыфаў, беспрацоўе. 60% апытаных прызналіся, што іхны сярэдні даход на душу насельніцтва ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму — гэта значыць, за мяжой беднасьці. Пры гэтым пагаршэньне ўзроўню жыцьця прывяло да росту эміграцыйнага патэнцыялу — больш за 40% рэспандэнтаў адзначылі, што хацелі бы пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў іншую краіну. Гаворыць дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “Большасьць выбарцаў правільна разумеюць спробы А.Лукашэнкі перакласьці віну за абвастрэньне сацыяльных праблемаў на ўрад. Больш за палову апытаных упэўненыя, што ў рэзкім падвышэньні камунальных тарыфаў вінаваты менавіта прэзыдэнт. На думку грамадзянаў, свае перадвыбарчыя абяцаньні А.Лукашэнка так і ня выканаў”.

Прафэсар Манаеў падкрэсьлівае, што, акрамя сацыяльна-эканамічных праблемаў, людзей хвалююць і грамадзка-палітычныя. Цяпер больш за 80% грамадзянаў, якія гатовыя галасаваць за альтэрнатыўнага кандыдата, выказваюць незадаволенасьць станам дэмакратыі й захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG