Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭТНІЧНАЯ І РЭЛІГІЙНАЯ СТРУКТУРА ІРАЦКАГА ГРАМАДЗТВА

Кастусь Бандарук, Прага

Адначасова, племянныя структуры ахопліваюць чвэрць іракцаў. Незважаючы на супрацьплемянную рыторыку, кіруючая партыя Садама Хусэйна БААС ахвотна скарыстоўвала племянныя структуры ў сваіх мэтах. Пасьля вайны ў Пэрсыдзкай Затоцы, калі цэнтар у Багдадзе быў часткова пазбаўлены адміністрацыйнага кантролю над некаторымі часткамі краіны, аўтарытэт і паўнамоцтвы мясцовых племянных старшыняў выразна ўзрасьлі. Брытанскі аналітык Нэйл Патрык лічыць, што племянная структура Іраку ёсьць асноўнай крыніцай улады і адыгрывае ключавую ролю ў кампаніі супраціву амэрыканскай прысутнасьці ў Іраку.

(Патрык: ) “Кляны пабудаваныя на шырокіх саюзах многіх сем’яў. Племянныя асацыяцыі галоўных клянаў пераважна зьвязаныя зь нейкім геаграфічным рэгіёнам, аднак яны могуць быць вельмі шматлюднай і разгалінаванай структурай. Прыкладам можа быць клян Альбу Насір, якім Садам Хусэйн маніпуляваў дзеля кансалідацыі ў сваіх руках паўнаты ўлады ў Іраку”

У ірацкім грамадзтве важную ролю адыгрываюць таксама рэлігійныя структуры. Праўда, ірацкі шыізм расьцярушаны і дэцэнтралізаваны, аднак шыіты, асабліва на поўдні краіны, лічаць сваіх клірыкаў вярхоўнымі, духоўнымі лідэрамі. На думку Пэтрыка Клоўсана з вашынгтонскага Інстытуту блізкаўсходняй палітыкі, аўтарытэт некаторых духоўных лідэраў грунтуецца хутчэй на племянной падставе.

(Клоўсан: ) “Сярод шыіцкай супольнасьці некаторыя лідэры карыстаюцца хутчэй племянным, чым рэлігійным аўтарытэтам. У сьвятым для шыітаў горадзе Наджаф галоўнай палітычнай фігурай ёсьць малады чалавек, якому ледзьве за 20, але ён паходзіць са знатнага роду. Калі б, аднак, ён спрабаваў стаць духоўным лідэрам, у яго на гэта вельмі слабы рэлігійны мандат”.

Клоўсан мае на ўвазе 22-гадовага Саіда Мугтада аль-Садра, сына вядомага ісьлямскага навукоўца, які загінуў ў 1999 годзе, праўдападобна, быў забіты рэжымам Садама Хусэйна.

Што тычыцца сунітаў, дык у іх духавенства не мае такой гіерархічнай структуры і такога аўтарытэту, як у шыітаў. Пашыраны ў Курдыстане містычны ісьлямскі рух – суфізм – мала прадстаўлены і ў рэлігійных структурах, і сярод палітычных партыяў. Гэтак, у прыватнасьці, лічыць антраполяг з Брытанскага ўнівэрсытэту Эезэтэр-Наджы Аль-Алі:

(Аль-Алі: ) “Я ня думаю, што суфійскія запаветы адыгрываюць значную ролю. Яны хутчэй тычацца духоўнай, а не палітычнай сфэры. Аднак, несумненна, рэлігійныя лідэры шыітаў– улемы, асабліва ў сьвятых для іх гарадох Наджафе і Кэрбэле, адыгрываьць вельмі важную ролю”.

Паводле Пэтрыка Клоўсана, Наджы Аль-Алі ды іншых адмыслоўцаў, зараз у Іраку няма вострага падзелу паводле этнічных або рэлігійных прыкметаў. Мяшчане-суніты мала чым адрозьніваюцца ад мяшчанаў-шыітаў. Многае ў сьвядомасьці іракцаў зьмянілі 12 гадоў эканамічных санкцыяў. Бедныя людзі робяцца яшчэ бяднейшымі, а тыя нешматлікія, што разбагацелі на чорным рынку, выйшлі са свайго рэлігійнага і племяннага асяродзьдзя. Яны ахвотней ўспрымаюць ідэі ірацкага нацыяналізму ці пан-арабскай салідарнасьці, заміж быць ляяльнымі ў дачыненьні да сваіх шыіцкіх аятолаў, або суніцкіх племянных старшыняў. Аб гэтым сьведчыць той факт, што на мінулым тыдні ў мячэту ў Наджыфе быў забіты нажом шыіцкі аятола Абдул Маджыд Аль-Хоэй, які вярнуўся з выгнаньня. Што тычыцца курдаў, дык паводле міжнароднага дасьледваньня, у адрозьненьне ад старэйшага пакаленьня, маладыя курды – ад 18 да 30 гадоў – ахвотней слухаюць лідэраў дзьвюх галоўных партыяў: Дэмакратычнай партыі Курдыстану і Патрыятычнага саюзу Курдыстану, чым сваіх племянных старшыняў.
XS
SM
MD
LG