"Тры пятыя". 19 красавіка
Апошнім часам Беларусь увайшла ў трагічны сьпіс краінаў-лідэраў паводле колькасьці самагубстваў. Што штурхае да суіцыду? Якія фактары рызыкі зьяўляюцца базавымі, калі людзі вырашаюць разьвітацца з жыцьцём? Чым адметная беларуская суіцыдальнасьць? Пра гэта ды іншае і пойдзе размова ў чарговай перадачы з сэрыі пра жыцьцё рэгіёнаў "Тры пятыя". Яе падрыхтаваў і вядзе Аляксандар Уліцёнак.
“Вольная студыя”. 20 красавіка
Беларускія чыноўнікі сярэдняга роўню — старшыні райвыканкамаў ды аблвыканкамаў — рэдка ўжываюць слова “краіна” ў дачыненьні да Беларусі. Часьцей — “рэспубліка”, як за савецкім часам. І за гэтым бачыцца ўся старая, бэсэсэраўская яшчэ ідэалёгія, зь цянётаў якое ніяк ня могуць ды й ня хочуць выблытацца колішнія партфункцыянэры. Кніга Ўладзімера Арлова й Зьмітра Герасімовіча “Краіна Беларусь: ілюстраваная гісторыя”, што нядаўна пабачыла сьвет, можа зьмяніць сьветапогляд індыфэрэнтнага да нацыянальных каштоўнасьцяў чалавека, зрабіць яго беларусацэнтрычным. Пры ўмове, што ён гэтую кнігу прачытае... Пра незвычайную кнігу Ўладзімера Арлова й Зьмітра Герасімовіча — слухайце ў нядзельнай перадачы Міхася Скоблы “Вольная студыя: новыя словы пра звыклыя рэчы”.
“Паштовая скрынка 111”. 20 красавіка
У нядзельнай праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Мікалай Вярынскі з Бабруйску, Аляксандар Олесь з украінскага сяла Ракітна Ровенскай вобласьці, Мікалай Александровіч з Магілёва, Тацяна Барэль з Асіповічаў і Яўген Аляксандраў зь Менску.
У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
– выказваюць меркаваньні пра будучыню Іраку і пра наступствы падзеньня рэжыму Садама Хусэйна для іншых дыктатарскіх рэжымаў;
– разважаюць пра тое, ці варта дэмакратычнай апазыцыі пагаджацца на падпісаньне дамоваў зь цяперашняй уладай;
– распавядаюць пра факты, якія могуць сьведчыць пра аднаўленьне глушэньня Радыё Свабода ў Беларусі;
– дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.