Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЦЫЯНАЛЬНЫ МУЗЭЙ У БАГДАДЗЕ СТАНЕ МЕСЦАМ АРХЭАЛЯГІЧНЫХ РАСКОПАК?


Віталь Тарас, Прага

У кожнай кнізе па гісторыі Мэсапатаміі можна бачыць фатаграфію высокай вазы, выразанай з каменю 5 тысяч гадоў таму. На ёй выяўленая рытуальная працэсія голых мужчынаў, якія прыносяць дары багам. Гэта адна зь першых вядомых у навуцы выяваў рытуальнага дзеяньня. Гэтая ваза з калекцыі Нацыянальнага музэю ў Багдадзе зьнікла, падобна шматлікім іншым бясцэнным экспанатам, падчас рабаваньняў, якія ахапілі сталіцу Іраку пасьля падзеньня рэжыму Садама Хусэйна.

Прафэсар Оксфардскага ўнівэрсытэту, спэцыяліст у старажытнай гісторыі Джэрэмі Блэк гаворыць:

“Тое, што адбывалася ў Іраку, у Мэсапатаміі, было пачаткам эвалюцыі гарадоў. Урк, дзе была знойдзеная ваза, быў першым вялікім гарадзкім паселішчам на поўдні Мэсапатаміі, а значыць, і ў сьвеце, паколькі гэта тады былі першыя гарады, і гэта быў пачатак пісьменнасьці”.

Цяжка ацаніць маштаб стратаў, якія панесьлі Багдад ды іншыя ірацкія гарады – такія, як Масул, падчас рабаваньняў. Страты ўключаюць у сябе гліняныя таблічкі з найстаражытнымі надпісамі, а таксама скульптуры з золата ды іншых дарагіх мэталаў. Некаторыя тэксты, запісаныя на таблічках, зафіксавалі раньнія, але пры гэтым вельмі глыбокія матэматычныя веды. Многія з гэтых тэкстаў, якія яшчэ патрабавалі расшыфроўкі, могуць быць страчаныя назаўсёды.

Паводле генэральнага сакратара ААН Кофі Анана, разрабаваньне і зьнішчэньне гістарычных помнікаў у Багдадзе “нанесла ўрон усяму чалавецтву”. Многія навукоўцы абураныя дзеяньнямі войскаў кааліцыі. Яны задаюцца пытаньнем: чаму войскі ахоўвалі нафтавыя свідравіны і Міністэрства нафты, але нічога не зрабілі, каб папярэдзіць рабаваньне помнікаў антычнасьці. Камандаваньне амэрыканскіх войскаў запэўнівае, што многае са скрадзенага яшчэ можна вярнуць назад. Аднак, падчас першай вайны ў Затоцы таксама зьніклі дзясяткі тысяч каштоўных прадметаў гісторыі, але былі знойдзеныя толькі некалькі зь іх. Двое дарадцаў Дзярждэпартамэнту ЗША ў справах культуры падалі ў адстаўку на знак пратэсту супраць таго, што сілы кааліцыі не абаранілі помнікі культуры.

Учора ў Парыжы на паседжаньні ЮНЭСКА – камісіі ААН, якая займаецца культурнай спадчынай, кіраўнік гэтай арганізацыі Кайхіра Мацуура заклікаў спыніць рабаваньне і гандаль прадметамі старажытнай культуры зь Іраку. Дзеля гэтага прапанаваная амністыя тым, хто добраахвотна верне нарабаванае. Інтэрпол і ФБР накіравалі ў Ірак экспэртаў для пошукаў прадметаў мастацтва. Выявы некалькіх тысяч прадметаў накіраваныя паліцыі і ў Інтэрнэт.

Намесьнік гэнэральнага дырэктара ЮНЭСКА Мунір Бучэнакі заявіў:

“Інтэрпол, таксама як Міжнародная рада музэяў і Міжнародная асацыяцыя дылераў мастацтва, ужо былі інфармаваныя. Зусім нядаўна, як толькі мы ўбачылі кадры рабаваньня музэя ў Багддазе ў мінулую пятніцу, накіравалі ад ЮНЭСКА ліст міністэрствам культуры суседніх зь Іракам краінаў з просьбай праявіць больш пільнасьці і больш увагі паліцыі, а таксама інфармавалі мытні аб магчымасьці вывазу каштоўных прадметаў зь Іраку”.

Паводле словаў Джэрэмі Блэка, шмат прадметаў засталіся па падлозе багдаскага музэю ў выглядзе аскабалкаў. Навуковец заклікае не вымятаць гэтыя аскабалкі, бо зь іх можна будзе склеіць страчаныя помнікі культуры. Такім чынам, музэй можа ператварыцца ў месца археалягічных раскопак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG