Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ КАМЭНТУЮЦЬ РЭЗАЛЮЦЫЮ КАМІСІІ ААН У СПРАВЕ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

Міністэрства замежных справаў Беларусі назвала беларускую рэзалюцыю Камісіі ААН па правах чалавека “спробай пакараць краіну за яе незалежную зьнешнюю палітыку і спыніць працэс нармалізацыі стасункаў Беларусі з эўрапейскімі структурамі”. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных зазначыў з гэтай нагоды, што рэзалюцыя прымалася пад ціскам ЗША:

(Савіных: ) “Відавочна, што праваабарончая тэматыка крывадушна выкарыстоўваецца ЗША для націску на краіны, дзе амэрыканскай адміністрацыі не ўдаецца рэалізаваць свае палітычныя і эканамічныя інтарэсы”.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў таксама заявіў, што гэтая рэзалюцыя мае дыскрымінацыйны характар што да Беларусі і прынятая пад уплывам ЗША.

(Папоў: ) “Да гэтага трэба ставіцца цярпіма, што рэзалюцыя прынятая. Іншая справа, што трэба працаваць з гэтымі структурамі, даводзіць пазыцыю нашай дзяржавы, рэальную сытуацыю, якая ёсьць у нашым грамадзтве — да ўвагі тых, хто прымае падобную рэзалюцыю. Канечне, яна нас не задавальняе”.

Вадзім Папоў прызнаў, што гэта ня першая дыскрымінацыйная рэзалюцыя, прынятая адносна Беларусі. Маўляў, трэба працаваць, і яна таксама будзе адмененая як візавыя санкцыі Эўразьвязу і ЗША.

Аднак каардынатар грамадзкага руху “Хартыя-97” Андрэй Саньнікаў лічыць гэтую падзею выключнай у гісторыі Беларусі:

(Саньнікаў: ) “Гэта вельмі важны дакумэнт, упершыню такое робіцца, каб Камісія ААН па правах чалавека прыняла рэзалюцыю па Беларусі… Гэта сьведчыць аб тым, што міжнародная супольнасьць зацьвердзіла, што сытуацыя ўз правамі чалавека пагоршылася настолькі, што трэба зараз нешта рабіць больш сур’ёзнае ў дачыненьні да гэтай сытуацыі”.

Андрэй Саньнікаў кажа, што рэзалюцыя Камісіі па правах чалавека ААН паўплывае на палітыку іншых дзяржаваў, якія маюць дачыненьні зь Беларусьсю, і ня толькі ў палітычнай сфэры, але і ў гандлёва-эканамічнай і фінансавай.

(Саньнікаў: ) “Краіны, перш за ўсё дэмакратычныя краіны, яны будуць улічваць у сваёй палітыцы гэтую рэзалюцыю”.

Андрэй Саньнікаў не выключае, што на наступнай сэсіі Камісіі па правах чалавека ААН прызначаць адмысловага прадстаўніка, які будзе назіраць за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Падобны прадстаўнік цяпер прызначаны на Кубу.

Старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька паведаміла, што ў свой час яе арганізацыя накіроўвала ў ААН сваю справаздачу аб выкананьні Беларусьсю Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Спадарыня Процька лічыць ацэнкі камісіі ААН справядлівымі:

(Процька: ) “Ёсьць пэўныя правы: права на жыцьцё, права на свабоду выказваньня думак, на свабоду шэсьцяў, свабоду перамяшчэньня — усе гэтыя правы ў нас не выконваюцца. Прапіска засталася, толькі пагаршаюцца законы аб масавых шэсьцях і СМІ. Прэса дзяржаўная, несвабодная, ідэалягізаваная. А зараз наагул, гэты даклад па ідэалёгіі — гэта я так думаю, што ён быў апошняй кропляй”.

На думку Тацяны Процькі, ААН рэдка прымае такія рэзкія рэзалюцыі, толькі ў сапраўды скрайніх выпадках. Таму беларускія ўлады павінны адэкватна адрэагаваць, — упэўненая Тацяна Процька.

(Процька: ) “Кожны крок і кожная такая заява з боку ААН павінна выклікаць нейкае задуменьне. Але быў ужо ў нас спэцдакладчык па судах, ён прыехаў і быў вельмі абураны той сыстэмай. Што, у нас што-небудзь зьмянілася? Не, а ўжо два гады прайшло”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG