Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЫ МЕСЯЦЫ НЕ АТРЫМЛІВАЮЦЬ ЗАРОБКАЎ РАБОЧЫЯ КРАСЬНЕНСКАГА КАНСЭРВАВАГА ЗАВОДУ


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

18 красавіка на прадпрыемстве адбыўся стыхійны сход працоўнага калектыву. Рабочыя патрабавалі заробкаў:

(Гарновіч: ) “Мяне завуць Гарновіч Наташа. Я працую рабочай на Красьненскім кансэрвавым заводзе. Нам ня плацяць грошы — за студзень мы яшчэ не атрымлівалі”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі чалавек працуе на заводзе?”

(Гарновіч: ) “Працавала 250 чалавек, а цяпер працуе толькі каля 150. Таму што людзі звальняюцца. Таму што на 60 тысяч, якія нават за студзень яшчэ не атрыманыя, пражыць немагчыма”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму так складваюцца справы?”

(Гарновіч: ) “Таму што набралі шмат крэдытаў”.

Так лічыць большасьць рабочых прадпрыемства. Гэткае тлумачэньне прычынаў вытворчага заняпаду ім падказалі ўлады. Маўляў, вінаватае заводзкае начальства. Некалькі месяцаў таму калектыў дамогся звальненьня дырэктара. Аднак гэта не дапамагло.

Цяперашняя кіраўніца Красьненскага заводу Лідзія Шарамет мяркуе, што крызыс мае больш глыбокія карані.

(Шарамет: ) “Гэта наступства няўмелай эканомікі наагул, а ня толькі нашага прадпрыемства. Бо дрэннае становішча мае месца ня толькі ў нас, паўсюдна на дзяржаўных прадпрыемствах. Няма абаротных сродкаў. Нам абяцалі дапамогу яшчэ летась. Але яна так і не прыйшла. Пачалася пасяўная кампанія, грошы патрэбныя калгасам, каб правесьці сяўбу”.

Паводле яе, прадпрыемству, каб выжыць, патрэбныя інвэстыцыі. І таму кіраўніцтва заводу актыўна шукае партнэраў. Нядаўна красьненцам паступіла прапанова ад інвэстара, які выказаў жаданьне купіць завод. Аднак угоду пакуль не заключылі. Прадпрыемства дзяржаўнае, і права прымаць рашэньне мае не працоўны калектыў, не заводзкае кіраўніцтва, а чыноўнікі ва ўладных структурах. Ці ёсьць у іх плян аздараўленьня заводу?

Вось як адказала на гэтае пытаньне старшыня выканкаму Красьненскага сельсавету Ева Сасноўская:

(Сасноўская: ) “Ну што я магу зрабіць як старшыня выканкаму сельсавету? Нічога. Усё вырашае раён”.

Між тым, у Маладэчанскім райвыканкаме таксама ня бачаць выйсьця. Зрэшты, як і ў Менскім аблвыканкаме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG