Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 18 КРАСАВІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Звязда”, 18 красавіка 1923 году, артыкул “Партыя павінна зьвярнуць увагу”:

“Перада мной ляжыць падручнік Я.Лесіка “Чытаньне для беларускіх школ. Выданьне другое выпраўленае”. На старонцы 13 знаходжу такую прыказку: “Праўда груба, ды Богу люба” (слова бог зь вялікай літары). Чым далей я гляджу, тым больш у падручніку “багоў”. Пры самым павярхоўным абгляданьні “падручніка”, чым далей, тым больш я знаходжу такога, ад чаго павявае “старымі добрымі часамі”, ад чаго ў камуніста ўзьнікае пытаньне — ці такія падручнікі мы павінны падносіць нашым вясковым дзеткам, і без таго ачмураным папамі”.


“Вячэрні Мінск” у 1973 годзе напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасьці моладзі дае слова маладым. Анатоль Калесьнікаў гаворыць:

“Неяк на адной з сустрэчаў з замежнымі студэнтамі нейкі пахмурны хлопец з ЗША спытаў нас: “Слухайце, ну якая вам справа да Анджэлы Дэвіс, да ірляндцаў? Вы няблага жывяце, вучыцеся — ну што вам да таго, што адбываецца за трыдзевяць земляў ад вашай краіны?” Я нават крыху разгубіўся: надта не стасаваліся гэныя словы з тым, што думаем, адчуваем мы. А потым адказаў таму хлопцу: “Няўжо ты не разумееш? Тады слухай. Я — чалавек. А ў Ірляндыі забіваюць людзей. Як жа гэта можа мяне не датычыць?”


Штомесячнік “Европейское время”, 1993 год, артыкул “Няма інфармацыі — няма праблем” Аляксандра Ступнікава:

“Нядаўна ў Менск прыяжджалі карэспандэнты сусьветнай службы тэленавінаў “Бі-Бі-Сі”. Яны хацелі зьняць невялікае інтэрвію з Шушкевічам. Ангельцы былі ў Менску амаль тыдзень, але кіраўніцтва прэс-службы Вярхоўнага Савету так і не знайшло ў раскладзе шэфа 10 хвілін на інтэрвію… Нашага чыноўніка зразумець можна: падпусьці да начальніка неправеранага, да таго ж — заходняга журналіста, а ён пра што-небудзь “ня тое” запытаецца… Няма інфармацыі — няма праблем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG